Зэльва і Сапегі

1143 Другі год запар Ганненскі кірмаш пачынаецца навукова-практычнай канферэнцыяй, якую арганізуюць райвыканкам і Гродзенскі філіял Каардынацыйнага бюро Праграмы падтрымкі Беларусі Федэратыўнай уладай Германіі. У мінулым годзе навукоўцы ўнеслі шэраг цікавых прапаноў па “раскрутцы” зэльвенскага брэнду, дарэчы, некаторыя з якіх сёлета былі рэалізаваны. З нецярпеннем гісторыкі і краязнаўцы чакалі кампетэнтнага слова знаўцаў гісторыі і ў гэтым годзе. Тым больш, што тэма канферэнцыі была цалкам прысвечана нашаму рэгіёну і мела назву – “Роля Сапегаў у жыцці Зэльвенскага краю”. Адкрываючы сустрэчу, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Юрый Кулікоў адзначыў, што тэма канферэнцыі даволі знакавая. Ведаць і правільна інтэрпрэтаваць сваю гісторыю сёння вельмі актуальна. Фігуры Сапегаў, Радзівілаў і іншых магнатаў Беларусі заўсёды прыцягвалі ўвагу вучоных. Але роля іх у гісторыі ацэньваецца часам вельмі палярна. – Давайце разам з навукоўцамі яшчэ раз згадаем Сапегаў, ацэнім іх ролю ў жыцці нашых продкаў і падумаем, як нам ставіцца да іх, – прапанаваў Юрый Валянцінавіч. Тэму прадоўжыў Франц Мамуль, каардынатар бюро Праграмы падтрымкі Беларусі ўрадам Германіі па Гродзенскай вобласці: – Хочацца адзначыць вялікія магчымасці для ініцыятыўных людзей, што з’явіліся дзякуючы партнёрству з фондам пад-трымкі. І гэта разумеюць і выкарыстоўваюць у многіх гарадах і мястэчках нашай вобласці. Зэльва таксама вылучаецца творчым падыходам да правядзення адроджанага кірмашу. Сапегі – гаспадары зэльвенскіх маёнткаў Даклады загадчыка аддзела крыніцазнаўства і археалогіі Інстытута гісторыіі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук Аляксандра Доўнара, дактаранта кафедры новай і навейшай гісторыі Беларусі гістарычнага факультэта БДУ Сяргея Токця і кандыдата гістарычных навук, дацэнта Іны Соркінай дазваляюць яскрава ўявіць ролю Сапегаў у развіцці Зэльвы і Дзярэчына ўвогуле, і іх асабістых маёнткаў у прыватнасці. Як адзначыла Іна Соркіна, рост мястэчак якраз і спарадзіў сваім Статутам 1588 года яркі прадстаўнік сапегаўскага роду – Вялікі Канцлер Леў Сапега. У Сапегаў, як і ў іншых магнатаў, было шмат уладанняў. Расказваючы пра іх, дацэнт на медыяэкране ілюстравала выявы палацаў, інтэр‘ераў сядзіб. Зацікавілі прысутных план храмаў на плошчы Зэльвы, выявы сінагогі, Дзярэчынскага палаца. Навукоўца паведаміла шмат інтрыгуючых фактаў пра карцінныя галерэі, бібліятэкі і архівы ў палацах, дзівосныя сады і паркі, аранжарэі. Нагадала пра мануфактуры Сапегаў, у прыватнасці папяровую, што размяшчалася не так далёка ад Зэльвы – бліз возера Паперня. Аляксандр Доўнар пад-крэсліў, што Сапегі вельмі адказна ставіліся да падбору кіраўнікоў сваіх фальваркаў. Выпадковых людзей там не было. Выконваючы розныя дзяржаўныя і грамадскія абавязкі, Прадстаўнікі славутага роду мелі магчымасць наймаць людзей, якія зарэкамендавалі сябе ў іншых магнатаў, не лічачыся з грашовымі выдаткамі. Сяргей Токць падрабязна расказаў пра зэльвенскі маёнтак Сапегаў у розныя гады яго існавання. Як сведчыць Інвентар 1616 года, ён размяшчаўся на поўначы сучаснай вуліцы Булака. Дзяліўся на дзве часткі, ахоўваўся агароджай і вялікімі варотамі. На адной частцы двара стаяў крыты гонтай двухпавярховы дом, у якім размяшчалася вялікая зала для гасцей. Дом на другой частцы быў меншы і не такі прывабны. (Наступныя Інвентары паказваюць, што будынкі пастаянна абнаўляліся). Непадалёку стаялі гаспадарчыя прыбудовы. Мелася пяць агародаў, на якіх высаджвалі цыбулю, пастарнак, агуркі, рэпа і іншыя культуры. Амаль да касцёла “на горцы” цягнуліся сады, у якіх раслі нават цеплалюбівыя вішні. Улічваючы, што зіма 1630-31 гг. была вельмі марознай, можна зрабіць вывад, што недарэмна заплаціў Сапега свайму адміністратару добрыя грошы, калі той здолеў абараніць сад ад нязвыклага холаду. Для развя-дзення рыбы каля рэчкі было выкапана некалькі ставаў. З дамашніх жывёл гадавалі валоў, быкоў, цялят, кабаноў, гусей, курэй, коней. Коні ў Інвентары апісаны па масцях. Відаць, гэта таксама мела значэнне пры продажы ці вывядзенні новых парод. Сенажацей для коней хапала: яны былі побач, за рэчкай. На ворыўнай зямлі сеялі жыта, пшаніцу, ячмень, гарох, авёс. Аўсу адводзілася прыкладна 20 % усёй пашні, і гэта цалкам зразумела: корму для коней трэба было многа. (Інвентар 1631 г. улічвае 3 стайні з коньмі). Клапаціліся ў маёнтку пра запасы на доўгую зіму. У Інвентарах пералічваюцца кадкі з мёдам, агуркамі, рыбай… У сырніцах было шмат высушаных сыроў. Цікава, што млынары абодвух млыноў абавязаны былі штогод выкармліваць па 7 кабаноў. Акрамя гэтага, яны клапаціліся і пра зёлкі ў садзе. Для патрэб гаспадаркі і сялян мелася кузня. Працавалі ў маёнтку жыхары з вёсак Конна, Холстава, Красная і мяшчане з Зэльвы, для іх умовы наёмнай працы былі лягчэйшымі, чым для сялян. У самыя напружаныя дні сенакосу ці жніва выходзілі на працу ўсе ад мала да вяліка, пакідаючы ў хатах з малымі дзецьмі непрацаздольных членаў сям‘і. А ў звычайныя дні кожная сям‘я абавязана была адпрацаваць у фальварку тры дні з валокі (1 валока – прыкладна 20 га). Па звестках Інвентара 1633 г. відаць, што гаспадарка мела неблагі прыбытак, бо з чаго б Сапегі абавязвалі сялян вазіць лішкі прадукцыі ажно ў Вільню! Належная ўвага ўдзялялася пажарнай бяспецы. У кожным сялянскім двары меліся лесвіцы, бочкі з вадой, іншыя прылады для тушэння пажару. З кожных двух дамоў вылучаўся адзін чалавек для начной аховы. З больш пазнейшых Інструкцый, выяўленых Аляксандрам Доўнарам, ён спыніўся на скла-дзенай у 1796 г. Францішкам Сапегам. Зіма 1795 года была надзвычай снежная, таму трэба было гэта ўлічваць у рабоце Дзярэчынскага порта. Францішка хвалявала пытанне аб транспарціроўцы жыта з Дзярэчына ў Каралявец (сучасны Калінінград). Порт, што звязваў Дзярэчын праз Шчару і Нёман з балтыйскімі гарадамі, патрабаваў пільнай увагі. У сваёй Інструкцыі гаспадар стараецца ўлічыць усё да дробязей. І колькі людзей павінна быць у двух камандах рачнога судна, і колькі бочак яно прыме, і як гэтыя бочкі выкарыстоўваць у непагадзь… Даведаліся і пра харчаванне малайцоў (матросаў) за кошт гаспадара. Інструкцыі былі не сухімі загадамі: у іх ёсць шэраг цікавых звестак пра розныя здарэнні. Напрыклад, апісваецца выпадак, які сведчыць пра славу зэльвенскага кірмашу. У Пінску ў аднаго з мяшчан укралі каня. І той шляхціч некалькі гадоў запар спецыяльна прыязджаў у Зэльву, каб прасачыць, ці не для Ганненскага кірмашу быў конь украдзены. Як дбайных гаспадароў, Сапегаў непакоіў прэстыж Ганнен-скага кірмашу. Каб захоўваўся належны парадак, людзі Сапегаў сачылі за падазронымі асобамі, не дапускаючы крадзяжу і разбою. Дзеля бяспекі купцоў і пакупнікоў месца продажу коней выдзялялася за мястэчкам. Агаворвалася ў Інструкцыі і такая важная справа, як збор падаткаў. Ён даручаўся найбольш давераным служачым, якія сачылі, каб ніхто не прадаваў тавар танней за пана, каб не прапаноў-валі гарэлкі, запраўленай вішняй ці зёлкамі, бо гэты каньяк меў права рэалізоўваць толькі гаспадар кірмашу і г.д. Выклікала ажыўленне ў зале і паведамленне пра рэфармаванне судовай практыкі і яго аргументацыя: Францішак Сапега ўлічваў… нянавісць сялян да паноў-прыгнятальнікаў. Як людзі разумныя, лічыў ён, сяляне здольны самі разабрацца са злачынцамі. Ён прапануе выбраць дзясятнікаў (прадстаўнікоў ад дзесяці двароў), і тыя разам з войтам будуць разглядаць справы. Магнат рэкамендуе не практыкаваць фізічных пакаранняў, а больш разлічваць на маральнае ўздзеянне. Напрыклад, віноўны не павінен мець права наведваць масавых мерапрыемстваў (той жа Ганненскі кірмаш) на нейкі пэўны час. Гэта Інструкцыя, як лічыць Аляксандр Доўнар, – важны крок да гарадскога самакіравання. Магчыма, яно і было ў Зэльве, проста пацвярджаючых тое фактаў пакуль не выяўлена. Знакавыя постаці роду Кандыдат філалагічных навук, дацэнт Генадзь Праневіч адзначаў, што дынастыя Сапегаў існавала ў гісторыі каля 600 гадоў! Такіх родаў няшмат ва ўсім свеце. І тым больш мы можам ганарыцца гэтым фактам, што 96% усіх уладанняў Сапегаў размяшчалася на землях сучаснай Беларусі! І только 4% – на іншых, але, заўважым, блізкіх да тэрыторыі Беларусі. І пакінулі Сапегі за працяглы час свайго існавання многа добрай памяці ў гісторыі і культуры краю. У жыцці роду навукоўца выдзяляе 2 перыяды: ліцвінскі і рэч-паспалітаўскі, калі магнаты ўсё больш цягнуліся да польскай культуры і мовы. Для прадстаў-нікоў роду характэрна інтэграванасць у еўрапейскую культуру. Неацэнны ўклад як у беларускую, так і сусветную культуру ўнёс сваёй дзейнасцю Леў Сапега. Шмат зрабілі і яго нашчадкі. Дацэнт вылучыў літаратара і мецэната Фрыдэрыка Сапегу, палкаводца, ваяводу віленскага і вялікага гетмана літоўскага Паўла Сапегу, гетмана войска Дзмітрыя II Самазванца, Яна Пятра Сапегу, асветнікаў Ганну Паўліну Ябланоўскую і Аляксандра Антоні Сапегу ды і шэраг іншых. (У вучонага даследаванне пра ўклад Сапегаў у культуру і гісторыю Беларусі займае не адзін дзясятак старонак). Дацэнт кафедры гісторыі Беларусі ГрДУ імя Янкі Купалы Сяргей Амелька пазнаёміў з генеалогіяй роду Сапегаў, назваў іх нашчадкаў, якія праявілі сябе ў палітыцы і культуры не толькі Беларусі, але і замежжа. Прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, доктар гістарычных навук Святлана Марозава падкрэсліла, што гісторыкі лічаць Льва Сапегу другой пасля Францыска Скарыны асобай у культуры Беларусі. Чалавек, які шмат гадоў займаў месца Канцлера ВКЛ, зрабіў для станаўлення беларускай нацыі столькі многа, што яго ролю цяжка пераацаніць. У перыяд жыцця Льва Сапегі вельмі складанай ва ўсёй Еўропе, у тым ліку і ў ВКЛ, была рэлі-гійная сітуацыя. У Масковіі і Рыме існавалі вялікія прэтэнзіі на душы (і землі, вядома) жыхароў ВКЛ. У палітыкаў узнікла ідэя ўмацаваць дзяржаву праз рэлігію, не даць Маскве і Рыму разарваць ліцвінскую дзяржаву на часткі. Вялікае княства Літоўскае спрабуе займець сваё годнае месца сярод мацнейшых дзяржаў свету. Як дальнабачны палітык, Леў Сапега падтрымлівае новы накірунак у рэлігіі – уніяцтва, спадзеючыся на жыватворны ўплыў сінтэзу праваслаўя і каталіцызму на ўсё грамадскае і дзяржаўнае жыццё. Карыстаючыся аналізам пісем Льва Сапегі да Іпація Пацея, Крыштофа Радзівіла, Язафата Кунцэвіча, дакладчыца звярнула ўвагу, як тактоўна, але настойліва адстойвае свае погляды на складаную праблему Канцлер. Асаблівае значэнне надала пісьму Сапегі да Кунцэвіча ад 22 сакавіка 1621 года, бо з ім звязана мноства фальсіфікацый. Палітычнага дзеяча вельмі непакояць метады, якімі Кунцэвіч і яго паслядоўнікі пашыраюць уніяцтва. Леў Сапега не дапускаў і думкі аб праследаванні адной рэлігіі другой. Будучы права-слаўным у дзяцінстве (уплыў бацькоў), кальвіністам у юнацтве і сталым веку (уплыў Радзівілаў), а ў канцы жыцця католікам, – Леў Сапега нейтральна ставіўся да ўсіх канфесій. Галоўнае, лічыў ён, каб чалавек верыў у Бога і паводзіў сябе згодна з запаве-дзямі. Сапраўднай талерантнасцю, падкрэсліла даследчыца, Вялікі Канцлер апярэдзіў сваю эпоху на сотні гадоў. І сёння мы з удзячнасцю згадваем гэтага мудрага палітыка і дыпламата, патрыёта беларускага народа. Сваімі даследаваннямі пра Францішка Сапегу падзяліўся студэнт ГрДУ імя Янкі Купалы Валерый Бялы. (Дарэчы, і ў мінулым годзе ў канферэнцыі ўдзельнічалі маладыя даследчыкі даўні-ны з Гродзенскага ўніверсітэта. І гэта вельмі радуе!). Студэнт-філолаг не мог не зацікавіцца Францішкам, бо менавіта яго лічаць героем рамана Эжэна Сю “Таямніцы Парыжа”. Каларытная фігура гэтага чалавека і сапраўды не пакідае раўнадушным нікога, хто знаёміцца з родам Сапегаў. У 21 год – генерал артылерыі; удзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі; расійскі тайны саветнік; дэлегат ад шляхты на каранацыю Паўла I ў Маскве; любоўнік фаварыткі Напалеона; карцёжнік і авантурыст – усё гэта пра аднаго і таго ж чалавека, уладальніка Зэльвы, Дзярэчына і шэрагу іншых мястэчак Францішка Сапегу. Выяўленне кнігазбораў Сапегаў Уявіць жыццё любога магнацкага роду без бібліятэкі немагчыма. Усебакова адукаваныя людзі, Сапегі, стагоддзямі збіралі лепшае з тагачаснай сусветнай літаратуры. Інтэнсіўнымі пошукамі раскіданага па свеце кніга-збору Сапегаў займаецца Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Аб гэтым паведаміў на канферэнцыі намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша. Большасць кніжнага багацця Сапегаў знаходзіцца ў Літве, Польшчы, Расіі, Украіне. Кнігі вельмі дарагія. Набыць іх практычна немагчыма. Але ёсць шмат шляхоў для азнаямлення з імі. Перш за ўсё, вядома, трэба іх выявіць, падрабязна апісаць кожны асобнік і ўказаць месца яго захоўвання. Так папаўняецца электронны каталог. Ідзе пошук людзей, найперш выхадцаў з Беларусі, якія могуць садзейнічаць атрыманню копій, рэканструкцыі кніг. Праведзена вялікая работа па наладжванні кантактаў для арганізацыі выстаў, на якіх магчыма дамовіцца аб часовым вяртанні некаторых кніг для працы навукоўцаў. Бібліятэкары стараюцца трапіць на ўсе навуковыя сімпозіумы, семінары і г.д., дзе ідзе гаворка аб страчанай спадчыне. Вядуцца даследаванні, пашыраюцца веды пра найбольш цікавыя выданні. Адным словам, выкарыстоўваюцца ўсе магчымасці, каб нашы веды пра Сапегаўскае кніжнае багацце папаўняліся з кожным годам. Аляксандр Суша на відэаэкране дэманстраваў выявы некаторых кніг з Сапегаўскага кніга-збору. Уражвае як іх прыгожае аздабленне, так і эрудыцыя прадстаўнікоў гэтай дынастыі, бо кнігі ў іх былі на ўсіх еўрапейскіх мовах і па ўсіх галінах ведаў. Абмен думкамі Пасля канферэнцыі ўдзельнікі падзяліліся ўражаннямі. Настаўнікі гісторыі, краязнаўцы і бібліятэкары Зэльвы падзякавалі за дэталёва распрацаваныя тэмы. Юрый Кулікоў прасіў навукоўцаў даслаць свае выступленні ў райвыканкам, дзе вырашана апублікаваць іх у асобным выданні. Пытанні да вучоных былі розныя. Напрыклад, чаму годам атрымання Сапегамі прывілею на правядзенне Ганненскага кірмашу называюць то 1720, то 1721 год. Або “Калі лепш працавалі Інструкцыі?”, “Калі было больш самастойнасці?” і г.д. Раўнадушных у зале не аказалася. Навукоўцы або адказвалі на пытанні, або прасілі звязвацца з імі па інтэрнэце. Думаецца, што пасля гэтай плённай працы прыхільнікаў гісторыі ў нас стане намнога больш. І павагі да славутага роду Сапегаў, якія баранілі нацыянальную адметнасць беларусаў, спрыялі развіццю навукі, культуры і гаспадаркі, – таксама. Яніна ШМАТКО.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.