З краем паяднана

1180 У кожнай бібліятэцы на кніжных паліцах сабрана мудрасць тысячагоддзяў, а чытанне – адно з самых цудоўных заняткаў на зямлі, лічыць бібліятэкар Елкаўскай сельскай бібліятэкі Алена Дзянішчык. А яшчэ жанчына ўпэўнена, што прафесія бібліятэкара была наканавана ёй лёсам. Нездарма ж нарадзілася яна ў дзень прафесійнага свята – 15 верасня. – Начытанасць заўсёды цанілася ў грамадстве, – гаворыць Алена Уладзіміраўна, – таму вельмі люблю дапытлівых чытачоў, ды і сама з гэтай кагорты. За плячамі ў мяне ўжо 23 гады бібліятэчнага стажу. Захапленне кнігай да Алены Дзянішчык прыйшло выпадкова. Пасля заканчэння кааператыўнага каледжа вярнулася ў родную Елку працаваць прадаўцом. Пасябравала з дзяўчынай-бібліятэкарам. Менавіта яна непрыкметна і захапіла Алену чытаннем. Больш таго – сяброўка параіла змяніць прафесію. Алена вырашыла рызыкнуць. І не пашкадавала. Узяўшыся з энтузіязмам за новую справу, за некалькі месяцаў пазнаёмі-лася амаль з усім кніжным фондам Казловіцкай сельскай бібліятэкі (першае месца працы). Нядзіўна, што ў хуткім часе бібліятэкар з лёгкасцю знаходзіла адказы на любыя пытанні чытачоў, магла падабраць неабходную літаратуру для школьнікаў. Асабліва захапіла Алену краязнаўства. Бібліятэкар распрацавала цэлую сістэму азнаямлення мясцовага насельніцтва з родным краем. Пачалося ўсё са сбору матэрыялу пра землякоў, родныя мясціны, архітэктурныя помнікі, культурныя традыцыі і звычаі. Разам з мясцовымі школьнікамі, настаўніцай гісторыі Інай Наумчык і былым бібліятэкарам Чырванасельскай бібліятэкі Марыяй Лагута па крупінках стваралі летапісы навакольных вёсак. Агульнымі намаганнямі ўдалося сабраць унікальны этнаграфічны матэрыял. Сустрэчы з доўгажыхарамі і творчымі людзьмі, фальклорныя падарожжы і краязнаўчыя гадзіны сталі асноўнымі формамі работы бібліятэкі. Гледзячы на тое, з якім інтарэсам чытачы ставяцца да гісторыі роднага краю, Алена Ула-дзіміраўна прапанавала арганізаваць аматарскае аб’яднанне “Спадчына”. Сёлета яму, дарэчы, споўнілася 10 гадоў. За гэты час зроблена шмат. Як і раней, сёння ўдзельнікі аб’яднання прадаўжаюць збор края-знаўчых дакументаў, гістарычных матэрыялаў пра Зэльвенскі раён і Сынкавіцкі сельсавет. Вядуць самастойныя пошукі і даследаванні, што дае магчымасць набываць новую цікавую інфармацыю. – У час фальклорнага падарожжа “Беларускі скарб” мы шукалі прыказкі і загадкі, якія ўжываліся ў нашай мясцовасці, – расказвае Алена Дзянішчык. – Правялі шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных таленавітым землякам, арганізавалі сустрэчы з мясцовымі паэтамі. У планах – падрыхтаваць і выдаць іх зборнікі вершаў. А яшчэ стварыць у бібліятэцы этна-графічны куток. Цікавым атрымалася мерапрыемства, на якім гурткоўцы разам з вяскоўцамі паспрабавалі прыгатаваць традыцыйныя мясцовыя стравы – клёцкі, сту-дзень, аўсяны квас. Наогул, цеснае супрацоўніцтва з мясцовым Домам культуры і школай дазваляе адра-джаць святы народнага календара, абрады беларусаў. Акрамя таго, вялікая ўвага ўдзяляецца духоўнаму выхаванню: кожны чацвер айцец Сергій у бібліятэцы праводзіць заняткі з чытачамі. Галоўнае, чым ганарыцца Алена Уладзіміраўна, гэта сваімі пастаяннымі чытачамі і называе шэраг імён, сярод якіх – Раіса Надудзік, Надзея Роўгач, Пётр Пякарскі, Уладзімір Макарчук, Вячаслаў Новік і інш. А яшчэ яна нястомна ў жаданні зрабіць так, каб чалавек, зайшоўшы аднойчы ў бібліятэку, захацеў прыйсці сюды яшчэ не раз. Людміла ПОПКА.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.