Як у Зэльве моладзь Каляды спраўляла

3538

Так сталася, што калядаваць гэтай зімой мне давялося ажно тры разы: разам з гомельскай «Талакой» у вёсцы Міхалькі на зімовае сонцастаянне, падчас інтэрактыўнай экскурсіі ў адным з музеяў Гомеля, адкуль я родам, і ў Зэльве. Трэба сказаць, мясцовыя Каляды, дзякуючы калектыву раённага центра культуры і народнай творчасці, а таксама начальніку аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Галіне Мікалаеўне Раманчук, сталі яскравым і феерычным завяршэннем каляднага сезону.

Каза, Механошы, Цыганкі, Мядзьведзь ды іншыя персанажы не давалі тым вечарам смуткаваць не толькі адпачываючым пасля цяжкага працоўнага дня зэльвенцам, але і некаторым крамам. Канешне, не ўсе гаспадары падтрымалі калядны настрой. Некаторыя зачынялі дзверы, але ж… “Хто казе не адкрывае, таму хай шпалеры паабрывае!” Жартую, канешне. 

Увогуле, абрад калядавання, бадай што, адзін з найстаражытнейшых і адзін з самых чароўных абрадаў Беларусі. Падчас Калядаў мяжа паміж нашым Светам і Іншасветам нагэтулькі хісткая, што старажытныя духі трапляюць да нас. І, калі іх залагодзіць, яны прынясуць людзям шчасце і дабрабыт у хату. Калі ж пакрыўдзіць – могуць і нашкодзіць. Гэткіх духаў і ўвасабляюць калядоўшчыкі. Апранаючы маскі, яны становяцца такімі ж чароўнымі персанажамі. Водзячы казу ад адной хаты да іншай, калядоўшчыкі распавядаюць гісторыю аб аднаўленні прыроды і Свету. Гаспадары ж мусяць “адкупіцца” ад такіх гасцей, каб іншасветныя сілы забралі ўсё ліхое, а замест таго спрыялі цэлы год.

3539

Шкада, што ў самой Зэльве ў калядны вечар мы не сустрэлі больш ніводнага гурта. Але ёсць яшчэ год наступны, каб разам сабрацца і накалядаваць для Зэльвы лад і дабрабыт.

Гэтай мэце і служыць наступнае каляднае пажаданне-заклён:

Птушкі лятуць, 

Звяры бягуць 

Змейкі паўзуць, 

Рыбы плывуць, 

Шчасце, здароўе, ды лад вам у хату нясуць!

Дзмітрый Кірэенка, галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.