Як шчадруюць у Кашалях, на свае вочы пабачыла карэспандэнт “раёнкі”

3484

З гісторыі…

Так ужо здаўна павялося ў Кашалях, што ўвечары, перад самым старым Новым годам, спраўлялі багатую, ці шчодрую, куццю, успамінаюць Валянціна Мядзведзь і Ганна Смурага. Гаспадыні гатавалі шмат святочных страў. Хадзіла павер’е: калі ў гэты вечар стол будзе багатым, то і сям’я будзе жыць увесь год у дастатку. Пасля вячэры і моладзь, і старэйшыя вяскоўцы адпраўляліся шчадраваць. У касцюмах Казы, Цыганкі, Мядзведзя, Зорканошы і іншых папулярных фальклорных персанажаў яны хадзілі з хаты ў хату. Да нашага часу захавалася больш чым дзясятак абрадавых песень, прымавак і прыказак, прыпевак, якімі калядоўшчыкі віншавалі і весялілі гаспадароў.
Работнікі кашалёўскага Дома фальклору адрадзілі аўтэнтычны абрад. Некалькі гадоў таму да іх далучыліся і члены аматарскага аб’яднання “Кашалёўская скарбонка”.

Народны маскарад

3483

У кашалёўскіх мясцінах і цяпер лічыцца добрым знакам, калі калядоўшчыкі прыходзяць у хату. Людзі вераць, што менавіта гэты рытуал дапамагае прыцягнуць дабрабыт. Таму вечарам 13 студзеня гаспадары абавязкова ад-чыняюць вароты, уключаюць на падворку святло, запальваюць гірлянды і ліхтары на вокнах.
У сям’і Пацалуйкаў калядоўшчыкаў чакаюць заўсёды. Гэтую традыцыю Тамара Іосіфаўна і Сямён Іосіфавіч пад-трымліваюць ужо больш чым 40 гадоў. Вось і сёлета з вясёлым настроем выйшлі насустрач пераапранутым у маскарадныя касцюмы юнакам і дзяўчатам, якія дружным гуртам з вясёлай песняй крочылі з каляднай зоркай па вясковай вуліцы.
У доме Лухтанаў для Казы ўжо загадзя падрыхтавалі пачастункі. Тут добра ведаюць: каб стомленая ад танцаў Каза ўстала, неабходна даць кусок сала, каб пайшла – мерку аўса, каб была сыта – трошкі жыта.

3485 3486
Усе, да каго заходзілі калядоўшчыкі, з задавальненнем частавалі галоўнага персанажа абрада – Казу. Дары кашалёўцаў прымаў Механоша. Дзякуючы за пачастункі, госці шчыра жадалі гаспадарам, каб жыта радзіла, шчасце завітала, гаспадар жонку кахаў і ніякай работы не даваў…
Людміла ПОПКА.

Вам может быть интересно

Комментарии отключены