Веды плюс вопыт, а ў выніку – высокія паказчыкі

1490 Да завяршэння бягучага года застаецца зусім мала часу, але, калі вельмі пастарацца, то яго можна эфектыўна выкарыстаць для паляпшэння вытворчых спраў. У гэтым перакананы аграрыі Зэльвеншчыны, асноўнай задачай для якіх застаецца павелічэнне надояў малака. Менавіта яго рэалізацыя, асабліва ў зімовы перыяд, з’яўляецца асноўнай крыніцай грашовых паступленняў, ад якіх, у пэўнай меры, залежыць велічыня і своечасовасць выплаты заробкаў працаўнікам. Калі большасць сучасных малочнатаварных комплексаў працуе з плюсам у параўнанні з мінулым годам, то многія старыя фермы з цяжкасцю вырашаюць гэтую праблему. Хаця ёсць і выключэнні. Нядаўна мы пабывалі на ферме “Даўгапо-лічы СВК “Бародзічы”, дзе займаюцца даволі важнай справай, ад якой залежыць будучае малочнае пагалоўе гаспадаркі,– раздоем першацёлак. І надоі малака штогод тут добрыя, і іншыя паказчыкі на вышыні. Мабыць таму, што людзі працуюць вельмі адказныя. Вядома, жывёлагадоўля – тая галіна сельскай гаспадаркі, дзе нельга з наскоку вырашыць узнікшыя праблемы, дзе высокія вынікі дасягаюцца штодзённай карпатлівай працай з года ў год. І гэта тычыцца не толькі спецыялістаў, але і жывёлаводаў. Тут акрамя ведаў павінен быць і вопыт. Вельмі добра, калі яны спалучаюцца. – На нашай ферме цяпер утрымліваюцца 253 галавы буйной рагатай жывёлы, – расказвае загадчыца Часлава Дэйкала, – з іх 166 цялушак узнаўлення, 20 цялят і 58 першацёлак. Калектыў складаецца з чатырох чалавек. Асноўная нагрузка ляжыць на плячах сям’і Біялтаў. Ганна Уладзіміраўна займаецца раздоем першацёлак, а яе муж Пётр Юсцінавіч, акрамя таго, што выдатна спраўляецца з абавязкамі слесара, яшчэ дапамагае і жонцы. Дзякуючы такім сумленным і працавітым людзям у нас добрыя вынікі як па надоях малака, так і захаванасці маладняку. З пачатку года ад кожнай першацёлкі мы надаілі па 4261 кілаграму малака, што на 503 кг больш за мінулагодні перыяд. Акрамя атрымання высокіх надояў перад намі стаіць задача на працягу трох месяцаў правільна раздаіць першацёлак і перадаць іх на іншыя фермы. Пра тэхналогію расказваць не буду, але толькі адзначу: як карову пасля ацёлу дагледзіш, такую ад яе і аддачу атрымаеш. А тут ужо ўсё залежыць ад прафесійнага майстэрства даяркі. Пра поспехі Ганны Біялт мы неаднаразова пісалі на старонках “Працы”. Ужо шмат гадоў імя гэтай нястомнай працаўніцы ў ліку лепшых даярак Зэльвеншчыны. Яе поспехі адзначаны граматамі раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў, многімі іншымі ўзнагародамі. Партрэт Пятра Юсцінавіча занесены на Дошку гонару СВК “Бародзічы”. Працуюць яны на ферме разам 36 гадоў, 18 з іх займаюцца раздоем першацёлак. – Праца на ферме цяжкая, але свае абавязкі заўсёды трэба сумленна выконваць, – расказвае Ганна Уладзіміраўна. – Даенне ў нас двухразовае: на першую дойку прыходзім у пяць гадзін раніцы. Прывучыць першацёлак да даільных апаратаў на першым этапе даволі цяжка. Кожная карова мае свой характар і фізіялагічныя асаблівасці. Каб дасканала ведаць, колькі кожная з іх дае малака, прыходзіцца даіць індывідуальна, а гэта займае значна больш часу, чым праз малакаправод. Такім чынам за тры месяцы мы вызначаем лепшых, а астатніх выбракоўваем. Акрамя раздою першацёлак займаемся вырошчваннем цялят да 60 кілаграмаў. Захаванасць іх складае больш за 90 працэнтаў, і прывагі добрыя. Важней за ўсё ў нашай рабоце – строгае выкананне ўсіх тэхналагічных патрабаванняў, дысцыпліна і адказнасць. Усе мы зацікаўлены, каб не толькі на нашай малочнатаварнай ферме, але і ў гаспадарцы былі высокія паказчыкі. А што датычыцца асабіста мяне, магу з упэўненасцю сказаць: да сваёй работы я прыкіпела душой. Зразумела, больш часу з мужам праводзім на ферме, але мы блізка жывём, таму і дома паспяваем спраўляцца з хатняй гаспадаркай. Захацелася зазірнуць у цялятнік і кароўнікі. Хоць пабудовы і старыя, у памяшканнях чысціня і парадак. Было бачна, што і жывёла добра дагледжана. Адсюль і вынікі высокія. Цяпер штодзённа Ганна Ула-дзіміраўна ад сваіх кароў рэа-лізуе амаль 800 кілаграмаў малака. Летам гэты паказчык значна вышэйшы. Хацелася б адзначыць, што, нягледзячы на вялікую занятасць на ферме, Ганна Уладзіміраўна і Пётр Юсцінавіч вырасцілі траіх выдатных дачок і сына. Усе дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю і зараз радуюць бацькоў сваімі працоўнымі поспехамі. Віктар МАКОЎСКІ.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.