Вайна не адпускае ні на міг

2119 70 год для цывілізацыі – невялікі тэрмін. А для асобнага чалавека – вельмі значны. Можна многае забыць, не згадваць, проста выкінуць з памяці. Уладзімір Кашуткін падзеі Вялікай Айчыннай вайны забыць не ў сілах. Вайна не адпускае яго ні на міг. Ветэран і сам не можа растлумачыць гэты парадокс: чым далей ад яго 1941 – 1945 гады, тым ярчэй успаміны аб той пары. Столькі перажыта пасля вайны, а ён усё сніць баявых сяброў, ідзе з імі ў атаку… Напярэдадні 70-гадовага юбілею Вялікай Перамогі мы напрасіліся да ветэрана ў госці, каб яшчэ раз пагутарыць з ім аб тых далёкіх 40-х. – Уладзімір Зіноўевіч, зэльвенцы ўжо нямала ведаюць пра Вас. “Праца” не забывае ветэранаў, Вы не павінны наракаць на журналістаў. – Не, што вы. Я надзвычай удзячны “ПРАЦАўнікам”. Здаецца, няма такога, пра штоб яны не пісалі. – А вось і ёсць. Нядаўна Вы адсылалі ў Маскву свае ўспаміны для кнігі да юбілею Перамогі. Напэўна, згадвалі такое, аб чым “Праца” яшчэ не пісала? – Магчыма. А вы пытайцеся, што вас цікавіць. Я згодны адказаць на любое пытанне. – Дзякую. Пачнём з самага пачатку, г.зн., з моманту вашага прызыву ў войска. Як і калі гэта адбывалася? – Ну, вы ведаеце, што я нарадзіўся і рос у Сібіры. Перад вайной бацькоўская сям’я жыла ў г. Чарнагорску Краснаярскага краю. Вось туды і прыйшла павестка ў армію. Гэта было ў жніўні 1942 года, мне споўнілася 18 гадоў. Бацькі, вядома, паехалі да прызыўнога пункта разам са мной, каб быць у курсе далейшага лёсу сына. На фронце ўжо ваявалі старэйшыя браты, муж маёй сястры. І пра лёс іх бацькі не ведалі. Можаце ўявіць, з якім пачуццём тата і мама праводзілі яшчэ аднаго салдата. Прыехалі мы ў Абакан на зборачны пункт, дзе я атрымаў назначэнне ў Асінскае ваенна-пяхотнае вучылішча. Тут мы і развіталіся. У вучылішчы мы, курсанты, былі настроены на хутчэйшую адпраўку на фронт, таму стараліся вучыцца добра, каб гэтак жа добра выконваць у недалёкім будучым ратную справу. – А з вучылішча на фронт ніхто з блізкіх не праводзіў? – Не, нас спешна па тэлеграме з Масквы атэставалі і адправілі на фронт. Часу на паведамленне родным не было. – І адразу павезлі на Маскву? – Так, спачатку прывезлі нас у Маскву. А там атрымалі накіраванне ў нядаўна сфарміраваную 133-ю стралковую дывізію. Яна прымала ўдзел у вызваленні Гжацка. Рыхтавалася далейшае наступленне нашай арміі, свежыя сілы былі вельмі патрэбныя. З вялікай цеплынёй успамінаю, як праводзілі нас масквічы. Быў толькі самы пачатак вясны, а нас завалілі кветкамі. Уяўляеце, як нам, васямнаццаці-дзевятнаццацігадовым хлопцам, была прыемна такая ўвага! Цягнік не мог хутка рухацца, бо масквічы стаялі цеснай сцяной на пероне, пісалі на вагонах патрыятычныя лозунгі, кідалі на рэльсы букеты. Нам даводзілася выбягаць з вагонаў і ачышчаць шлях. Усё гэта вельмі кранала маладых салдат. Хацелася як мага хутчэй трапіць на фронт, даказаць гэтым дарагім людзям, што мы здольны апраўдаць іх спадзяванні на сібіракоў. – У нашых ранейшых размовах, памятаю, Вы згадвалі, што на фронт з Масквы дабіраліся не толькі цягніком, але і пешшу. – На цягніку мы ледзь даехалі да Гжацка. А там незадоўга да нашага прыезду былі такія страшныя бамбёжкі, што рэльсы на дыбы ўставалі, чыгуначнае палатно пера-тваралася ў груду металу. І нам давялося ўсё неабходнае для бою ўзваліць на свае плечы і ісці пехатой. Не магу дакладна сказаць, колькі мы прайшлі, але не менш за паўсотні кіламетраў “пропахали”. – Як сустрэліся ў дывізіі? 2118 – Нас адразу накіравалі ў 521-ы стралковы полк 133-й дывізіі. А там якраз ішло ўзнагароджванне салдат і афіцэраў, што вызначыліся ў нядаўніх баях. Так што пасля ўрачыстых провадаў з Масквы была і ўрачыстая сустрэча (наколькі, вядома, да-звалялі ваенныя ўмовы). Падпалкоўнік Дубровін па-бацькоўску прывітаў нас і выказаў надзею, што мы не страцім гонару палка, што будзем мужна абараняць Радзіму. Змучаныя цяжкай дарогай, мы ўсё ж маральна адчувалі сябе на пад’ёме. – У якіх мясцінах давялося пачынаць сібіракам “сваю” вайну? – Галоўным накірункам нашай 133-й дывізіі і 521-га стралковага палка быў Смаленск. Мы рухаліяся, вызваляючы адзін населены пункт за другім: на Вязьму – Ярцава – Смаленск. Страты былі вельмі вялікія і ў нас, і ў ворага. Часам у роце заставалася так мала людзей, што назваць яе баявой адзінкай можна было толькі ўмоўна. На вайне ў адно імгненне можа загінуць сотня людзей. Нават калі ты ў абароне. Вось, і мне добра памятаецца першае раненне, атрыманае ў час абарончых баёў ад мінамётнага абстрэлу. Некалькі маіх таварышаў на вачах былі забіты, некалькі – цяжка паранены. Маё раненне ў руку было не вельмі цяжкім, і я сам папрасіў ваенурача адрэзаць мізінец, што ледзь трымаўся на сухажыллях. Стомлены ўрач не стаў мне пярэчыць, па-прасіў крыху пачакаць у чарзе. Але ў гэты момант увайшла маладая жанчына – урач і, аглядзеўшы маю руку, пажартавала: “Па-спрабую застацца ў памяці маладога байца, прышыю палец”. І сапраўды, палец цудам прыжыўся, а маладую доктарку я з удзячнасцю ўспамінаю ўсё жыццё. Хоць і мерзне больш за астатнія гэты палец, і баліць, але ж рука мае звычайны выгляд, “не бяспалая”. Увогуле, аб урачах, медсёстрах і санітарках на вайне засталіся вельмі цёплыя ўспаміны. Вельмі цяжка ім даводзілася. – Напэўна, нейкія баі вылучаюцца ў памяці чымсьці асаблівым? – Вядома. Вось, напрыклад, пераправа ў вярхоўях Дняпра. Немцы вялі вельмі моцны артабстрэл, а нам трэба было пераправіцца на другі бераг. Зіма была марознай, доўга не саступала вясне, лёд усё ніяк не раставаў, а ад снарадаў расколваўся на безліч ільдзінак. Каб падрыхтаваць пера-праву, патрэбны былі смельчакі і добрыя плыўцы. Мяне, з дзяцінства знаёмага з Енісеем, халодная вада не палохала. І чацвёра салдат пад кіраўніцтвам самога камандзіра палка паплылі на другі бераг, цягнучы за сабой вяроўкі і стальныя тросы, каб замацаваць іх там, забяспечыць пераправу астатнім байцам. Усё гэта рабілася не толькі ў ледзяной вадзе, але і пад моцным агнём ворага. Вельмі памятныя баі бліз пасёлка Сафонава і вёскі Бараўлёва. Пасля абарончых баёў каля в. Лусціна наш полк кінулі сюды ў дапамогу суседняй дывізіі, абяскроўленай жорсткімі баямі. Усю ноч з поўнай выкладкай ішлі мы да месца прызначэння. На світанні спыніліся. Тое, што ўбачылі, не забыць ніколі. Целы забітых байцоў ляжалі адзін на адным, нельга было знайсці месца, каб хоць крыху адпачыць пасля начнога пераходу… Выказаць наш псіхалагічны стан немагчыма. А трэба было ісці ў бой. Некалькі разоў адпраўляліся мы ў атаку. Выб’ем немцаў з адных траншэяў, а яны ў другіх замацоўваюцца. Так падышлі з баямі да Бараўлёва, дзе я страціў аднаго з лепшых сваіх сувязных. Немцы пакінулі ў вёсцы загараджальны сакрэт, пра які мы не маглі ведаць.Калі праціўнік адкрыў сябе, мы стара-ліся знішчыць яго да прыходу асноўных сіл. Нам дапамагалі магутныя дубы, што раслі непадалёку ад вёскі. Агнявую кропку мы ліквідавалі, але і сяброў нямала страцілі… – Ваш полк стаў Смаленскім, а ўдзельнікі вызвалення горада – яго Ганаровымі грамадзянамі. Раскажыце пра баі за гэты старажытны горад. – Фактычна баі за Смаленск і вяліся намі на подступах да горада. Вельмі моцна былі ўмацаваны населеныя пункты за дзясяткі кіламетраў ад Смаленска. Напрыклад, г. Ярцава мы адбівалі некалькі сутак. Стараліся не даць ворагу замацавацца паблізу Смаленска, ішлі за немцамі па пятах. Наш полк увайшоў у горад адным з першых. Страшная карціна чакала нас. Горад быў весь у руінах. Сцены старадаўняй крэпасці, відаць, не сустракалі такога за вякі свайго існавання. Яны і нас абаранялі. Зрабіўшы сваю страшную справу, вораг адступаў са Смаленска на захад. А мы ішлі за ім удагонку. Мясцовасць паміж Дняпром і шашой Масква–Мінск была адкрытай, і гэта вельмі ўплывала на наш рух наперад. Каля в. Бадуны налёты нямецкай авіяцыі былі такімі страшнымі, што здавалася: жыццё на зям-лі пасля гэтага перастане існаваць. – Неяк Вы разказвалі, што ішлі па мясцінах, у якіх калісьці жылі вашы продкі, але тады яшчэ не ведалі аб гэтым. – Так, хутка пасля вызвалення Смаленска мы пачалі рухацца па беларускіх палях і дарогах. Мы не раз ад мамы чулі, што яе продкі жылі ў Магілёўскай губерніі Расійскай імперыі, а дзе канкрэтна – не гаварыла. Або я проста не надаваў гэтаму значэння: дзе Сібір, а дзе тая Магілёўшчына. Так што я значна пазней зразумеў, якія дарагія мясціны вызваляў разам з палком. Пасля вайны ездзіў туды, сёе-тое даведаўся і пра маміных продкаў. – Вам не ўдалося ўдзельнічаць у аперацыі “Баграціён”, хоць полк і стаяў пад Оршай. Напэўна, шкадуеце аб гэтым? – У аперацыі “Баграціён” не ўдзельнічаў, хоць, як ужо казаў, вызваляў некаторыя населеныя пункты Беларусі. Наша дывізія была цалкам выматана наступальнымі і абарончымі баямі, яна ўжо не магла без папаўнення існаваць. Ну, а я асабіста пасля чатырох раненняў быў камісаваны. Так што гэтая грандыёзная аперацыя здзяйснялася, на жаль, без мяне. – Вялікі дзякуй Вам за ўспаміны, хоць і балючыя для Вас. Вішуем з надыходзячым 70-годдзем Вялікай Перамогі! Жадаем моцнага здароўя. І няхай нарэшце адпусціць Вас ад сябе вайна! Гутарыла Яніна ШМАТКО.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.