У школах Зэльвеншчыны прайшлі маштабныя прафарыентацыйныя сустрэчы

2068 У школах Зэльвеншчыны прайшлі маштабныя прафарыентацыйныя сустрэчы вучняў 9-х, 11-х класаў з прадстаўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Галоўнай мэтай выязных мерапрыемстваў стала не прафесійнае самавызначэнне школьнікаў у залежнасці ад схільнасцей, здольнасцей і інтарэсаў – гэтым у большай ступені займаюцца бацькі, педагогі, псіхолагі. Галоўным было па-знаёміць падлеткаў з кадравымі патрэбамі раёна, сарыентаваць на паступленне ў залежнасці ад магчымасцей у навучальныя ўстановы і даць зразумець, што пасля іх заканчэння выпускнікоў чакаюць на малой радзіме. Прадстаўнікі аддзелаў па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў звярнулі ўвагу школьнікаў на высокія патрабаванні да стану здароўя і фізічнай падрыхтоўкі абітурыентаў, якія ў будучыні бачаць сябе ў форме. Такім выпускнікам параілі не адкладваць праходжанне медыцынскага агляду і кансультацый з урачамі. У раёне ёсць вакансіі па многіх спецыяльнасцях. Дэфіцыт кадраў асабліва адчувае сельская гаспадарка. На гэтым і была засяроджана ўвага старшакласнікаў, асабліва з сельскай мясцовасці. Таленавітых маладых людзей запрасілі паступаць у навучальныя ўстановы культуры. Цікавыя варыянты прапанаваў і прадстаўнік Зэльвенскага філіяла аблспажыўтаварыства. У сферы гандлю запатрабаваны спецыяльнасці таваразнаўцы, прадаўца, бармэна. Таму, атрымаўшы адну з іх, малады чалавек без працы не застанецца. Вучняў таксама праінфармавалі, як істотна павысіць свой шанс пры паступленні ў адну з прэстыжных устаноў, напрыклад, медыцынскіх, а заадно і «за-браніраваць» сабе працоўнае месца. Для гэтага трэба ўзяць мэтавае накіраванне. Пачынаць свой прафесійны шлях у якасці маладых спецыялістаў будзе намнога прасцей на радзіме, маючы маральную і фінансавую падтрымку бацькоў. Ёсць запасны варыянт і на той выпадак, калі не атрымаецца паступіць. Вызначыцца ў такой складанай сітуацыі дапамогуць у раённай службе занятасці, куды можна звяртацца з пытаннямі навучання, перанавучання і павышэння кваліфікацыі. Жанна КЕДАЛА, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.