У конкурсе на лепшы падворак на Ганненскім кірмашы перамог Крамяніцкі сельсавет і філіял «Князева»

IMG_4102 Кожны год на Ганненскім кірмашы падворкі сельвасетаў і сельскагаспадарчых арганізацый ствараюць вясёлую атмасферу свята, маюць цікавае і адметнае афармленне. Так было і на гэты раз: гаспадары шчыра запрашалі ўсіх жадаючых зайсці да іх на падворак, дэманстравалі традыцыйныя прадметы хатняга абіходу, частавалі беларускімі прысмакамі і забаўлялі народнымі гульнямі, песнямі, танцамі. Сялянскі быт адлюстроўваўся на рамесным падворку Сынкавіцкага сельсавета і СВК “Сынкавічы”. Тут былі шырока прадстаўлены самаробныя іконы, ткацкія вырабы, керамічны посуд. Майстры-ўмельцы праводзілі для жадаючых майстар-класы. Весялосць і адкрытасць “цыганскага этнасу” перадавалі падворкі Дзярэчынскага і Галынкаўскага сельсаветаў і СВК “Галынка”. Работнікі ўстаноў культуры вельмі добра пераўвасобіліся ў цыганоў, а рамансы і песні ў іх выкананні выклікалі бурныя апладысменты ўсіх гасцей. IMG_4199 Зэльвенскі сельсавет і СВК “Бародзічы” арганізавалі тэатральны падворак. Гасцей запрашалі стаць гледачамі інсцэніровак “Паўлінка”, “Мікітаў лапаць”, “Збянтэжаны Саўка”. Дарэчы, апошнія прадстаўленні мелі інтэрактыўны характар: паўдзельнічаць у міні-спектаклях маглі ўсе жадаючыя. Не сціхала музыка на музычна-інструментальным падворку Каралінскага сельсавета і СВК “Караліно”. Маладыя “яўрэйкі” сустракалі гасцей свята песнямі і танцамі. Музычныя інструменты: бубны, скрыпкі, балалайкі, шалестуны гучалі на ўсю моц. Звонкі дзіцячы смех даносіўся з падворка “Дабро сельскае”. Сельскагаспадарчы філіял “Дабрасялецкі” і сельсавет арганізавалі зону адпачынку для дзетак, дзе яны маглі праявіць сябе ў традыцыйных беларускіх гульнях. Ад жадаючых загнаць цвічок у калодачку, занесці чыгун у печ не было адбою. На ўсіх падворках гаспадары праяўлялі гасціннасць, частавалі гасцей малаком, варанай бульбай, печанымі яйкамі, духмянымі дранікамі, садавінай і ягадамі. “На танцулькі да Паўлінкі” запрашаў на Ганненскім кірмашы Тулаўскі сельскі савет і СВК “Міжэрычы”. Гасцей сустракаў сімвал падворка – паўлін, зроблены з жыта. Гаспадары вучылі ўсіх прысутных танцам: лявонісе, кракавяку, польцы. IMG_4131 Па ўсей вуліцы разносіўся пах смажанай бульбы: гэта на падворку “Нацыянальнай кухні” Крамяніцкага сельсавета і філіяла “Князева” частавалі дранікамі, бульбай са шкваркай і квасам, зробленым па старадаўнім рэцэпце. Таму тут былі асабліва шматлюдна. Накармілі ўсіх! Па выніках конкурсу на лепшае афармленне падворка, першае месца занялі філіял “Князева” і Крамяніцкі сельсавет. Другое – СВК “Бародзічы” і Зэльвенскі сельсавет. Трэцяе месца прысуджана СВК “Галынка”, Дзярэчынскаму і Галынкаўскамуі сельсаветам. Дзіяна БЕБЕХ.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.