Так мужнела маладосць

У студзені сорак другога года нямецкі гарнізон, які размяшчаўся ў будынку маёнтка непадалёку ад Пятрэвічаў, быў падняты па трывозе. Сюды на дапамогу прыбылі гестапаўцы з Ружан і Зэльвы. Перапалох гэты быў выкліканы тым, што сувязь гарнізона была поўнасцю знішчана. На працягу некалькіх кіламетраў тэлефонныя і тэле-графныя слупы былі спілаваны, дрот парваны, ізалятары разбіты. Фашыстам спатрэбілася некалькі тыдняў, каб аднавіць сувязь. Гэта была першая аперацыя, праведзеная пятрэвіцкімі падпольшчыкамі. За ёй паследавалі і іншыя, больш магутныя ўдары па ворагу. Члены баявой арганізацыі наладжвалі завалы на дарогах, спальвалі склады, разбуралі сувязь. Яны ўдзельнічалі ў дыверсіях на чыгунцы, часта служылі праваднікамі партызанскіх груп. Штаб баявой арганізацыі пастаянна інфармаваў насельніцтва аб падзеях на фронце, заклікаў людзей весці бязлітасную барацьбу з ворагам. Калі радыё данесла радасную вестку аб буйной перамозе нашых войск пад Масквой, з гэтай нагоды падпольшчыкі выпусцілі лістоўку. У ёй гаварылася: «Нашы доблесныя савецкія воіны нанеслі сур’ёзнае паражэнне нямецкай танкавай арміі Гудэрыяна, пацярпеў крах гітлераўскі план «маланкавай вайны». Недалёкі час нашай перамогі. Браты і сёстры! Уключайцеся ва ўсенародную барацьбу з заклятым ворагам. Няхай зямля гарыць пад нагамі фашысцкіх катаў. Біце гітлераўскіх гадаў!» Звычайна гэтыя лістоўкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва навакольных вёсак самыя маладыя члены групы камсамольцы Мікалай Рудзь, Мікалай Худзін і Аляксей Саўчук. Неяк Саўчук паведаміў кіраўніку штаба Карозе, што да іх у групу жадае ўступіць адзін чалавек. – Хто такі? – пацікавіўся Антон Васільевіч. – Ён не пятрэвіцкі. Прыбыў у нашу вёску тры тыдні назад. Шые кажухі. Гавораць, нядрэнны кравец. – Спяшацца не будзем. Трэба яго праверыць як след, – папярэдзіў Кароза. – Мне здаецца, Сцяпан Галаскок, у якога гэты чалавек зараз жыве, тое-сёе яму ўжо расказаў. – Дарэмна. У гэтай справе спешка недапусціма, – з трывогай сказаў Кароза, затым дабавіў: – Прасачы за ім, навядзі даведкі, адкуль прыбыў? Назаўтра Саўчук накіраваўся ў госці да Сцяпана Галаскока, каб асцярожна, не выклікаючы падазрэнняў па-прасіць краўца падправіць свой стары кажух і заадно пагутарыць з ім. Але ўжо было позна. Невядомы кравец нечакана з’ехаў. Вечарам Саўчук расказаў аб гэтым Карозе. Той тэрмінова склікаў усіх падпольшчыкаў. – Трэба ісці ў лес, – заявіў ён. Не ўсе згадзіліся з прапановай Антона Васільевіча. Большасць выказалася за тое, што трэба пачакаць да вясны. Гэта было ў пачатку лютага сорак другога года. Ніхто з падпольшчыкаў не ведаў, што над іх галовамі ўжо занесены меч. Ноччу карны атрад акружыў вёску. Пачаліся павальныя вобыскі і арышты. Усіх шаснаццаць, звязаўшы папарна, даставілі ў Міжэрычы. Пачаліся дні і ночы жудасных допытаў. Кароза паспрабаваў арганізаваць уцёк. Дасталі нажоўку, але гэта зрабіць не ўдалося. У сярэдзіне сакавіка іх павялі на расстрэл. Пагналі глухой дарогай на Клепачы. Кароза ішоў поруч з Васілём Галаскокам. I ў апошні свой шлях яны, як і ў жыцці, ішлі рука аб руку. Калі знясілены ад пабояў Міхаіл Ксянжук упаў на вільготную зямлю, Кароза і Галаскок паднялі яго і падтрымлівалі з абодвух бакоў, пакуль той не прыйшоў у сябе. Апошнімі словамі А. В. Карозы быў зварот да сваіх баявых сяброў: «Вышэй галовы, сябры. Фашысты адкажуць за ўсё. Яны не мінуюць расплаты». З кнігі «Памяць. Зэльвенскі раён».
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.