Старонкі пражытых гадоў

1197 Год усенароднага юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на Зэльвеншчыне багаты і на асабістыя ганаровыя даты ўдзельнікаў той вызваленчай бітвы. Сярод іх – 90-годдзе Міхаіла Кузняцова, якое святкавалі ў пачатку верасня. Падрыхтоўкай і правядзеннем урачыстасці займаліся работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі. …У зале дзіцячай школы мастацтваў, дзе праходзіла сустрэча, сабраліся ўсе сябры і знаёмыя Міхаіла Кузняцова. Юбіляра сустракалі шчырымі апладысментамі. Права першым прывітаць Міхаіла Мікалаевіча было прадастаўлена намес-ніку старшыні раённага выканаўчага камітэта Валянціну Семяняку. Уручаючы юбіляру Ганаровую грамату Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, Валянцін Міхайлавіч адзначыў: “Міхаіл Мікалаевіч – сапраўдная легенда нашага раёна. Я не раз прысутнічаў на сустрэчах ветэрана з людзьмі розных узростаў і прафесій і бачыў, як святлеюць іх твары, калі пачынае гаварыць гэты паважаны чалавек. Яго душэўнае багацце, ураўнаважанасць, інтэлігентнасць заўсёды прыцягваюць да сябе людзей. Усяго было на вялікім шляху: і на працы, і дома, але юбіляр ніколі не скар-дзіўся на свой лёс, ніколі не патрабаваў павышанай увагі да сваёй асобы. Вялікі дзякуй Вам, дарагі Міхаіл Мікалаевіч, ад старшыні райвыканкама Яна Станіслававіча Пальчыса, усіх членаў райвыканкама, ад сябе асабіста за Ваш жыццёвы подзвіг! Здароўя Вам, шаноўны і дарагі чалавек!”. 1195 Зыходзячы з той ісціны, што партрэт чалавека будзе няпоўны, калі не расказаць хоць крыху пра яго вытокі, вядучыя ўрачыстасці знаёмяць прысутных з сям’ёй, у якой рос маленькі Міша. Вялікая сялян-ская сям’я жыла ў казахскіх стэпах, прастору хапала ўсім семярым сынам і дачушцы сібірака Мікалая Арсеньевіча і беларускі Надзеі Міхайлаўны Кузняцовых. Жылі клопатамі як свайго дома, так і ўсёй Радзімы. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, удзел у ёй прынялі ўсе старэйшыя сыны Кузняцовых. Адзін з іх – Мікалай – з вайны не вярнуўся… 1196 Міхаіл стаў салдатам у 18 гадоў, у канцы 1942 года. Як успамінае малодшы брат юбіляра Павел Мікалаевіч, яму на ўсё жыццё запомніўся салдацкі трохкутнік ад Міхаіла з Цэнтральнага фронту летам 1943 года. Брат пісаў, што “быў у бесперапынных баях на перадавой 19 сутак! Зараз адпачываем…”. Фотаздымак худзенькага змучанага салдата дагаворваў нясказанае. Маці часта брала ў рукі той дарагі воблік, цалавала здымак, плакала, маліла Бога, каб збярог яе сына. 1194 Пасля ранення пад Ельняй малады воін лячыўся ў адным са шпіталяў Уладзіміраўскай вобласці. А потым атрымаў накіраванне на III Беларускі фронт, прымаў самы актыўны ўдзел у вызваленчай аперацыі “Баграціён”. Нямала баявых узнагарод мае былы камандзір аддзялення аўтаматчыкаў танкавай брыгады. Да іх прыбавілася Грамата ваеннага камісарыята Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў, уручаная з нагоды юбілею начальнікам адасобленай групы названага камісарыята Яўгеніем Шышко. З Беларуссю, як памятаем, сям’я Кузняцовых была звязана праз маці, ураджэнку Ваўкавыскага раёна. Міхаілу Мікалаевічу таксама давялося вызваляць радзіму матулі. Таму, калі ў 1947 годзе дэмабілізаваўся і прыехаў да родных у Ваўкавыск, не адмовіўся ад прапановы застацца тут жыць і працаваць. І зноў хочацца паслухаць Паўла Мікалаевіча Кузняцова: “Прыехалі да нас у Палтаўку Міхаіл і Аляксандр, абое франтавікі. Збірайцеся, кажуць, паедзем у Беларусь. Нам, малодшым, было ўсё вельмі цікава. Распытвалі то братоў, то маму. Мы ж нават уяўлення не мелі, што такое яблыкі, грушы, слівы. Далёкая дарога непрыкметна праляцела за размовамі. У Плябанаўцах нас ветліва сустрэла маміна сястра. А неўзабаве Міхаілу як франтавіку на льготных умовах прадалі ў суседняй вёсцы дом для нашай сям’і. Так пачалося для брата мірнае жыццё. Праз пяць гадоў вайны і пасляваеннай службы ў арміі”. 1192 Амаль дзве трэці вялікага жыцця ветэрана звязаны з Зэльвай. І дзе б ён ні працаваў – у райкаме партыі, у газеце “Праца”, у ветэранскай арганізацыі, – усюды з вя-лікай павагай ставіўся да людзей. Бібліятэкары адшукалі ўспаміны некалькіх чалавек, якія працавалі побач з ім, і агучылі іх. Тых жа, хто меў магчымасць прыйсці на вечар ушанавання, папрасілі выступіць саміх. Мікалай Сяляўка падкрэсліў дабрыню і душэўную чуласць былога кіраўніка: “За 23 гады працы з ім не чуў ніводнага дрэннага слова. Ён быў сябрам для равеснікаў, бацькам для маладых. Разам з намі не толькі працаваў, але і адпачываў”. Сённяшні рэдактар “раёнкі” Клаўдзія Крэчка пачынала журналісцкую працу карэктарам. “Я падмяняла жанчыну на час яе дэкрэтнага водпуску. Міхаіл Мікалаевіч не абавязаны быў клапаціцца аб маім працаўладкаванні. Але ён ніколі не кідаў лю-дзей на волю лёсу. Прыдумаў для мяне выпрабавальнае заданне (маўляў, спра-вішся – пакіну карэспандэнтам). Ох, і старалася я! І так мудра ён паступаў не толькі са мной. Дзякуючы яго бацькоўскаму клопату, жыццёвай мудрасці вось ужо 35 гадоў іду я журналісцкай сцяжынай. Вялікі-вялікі яму дзякуй ад усіх “ПРАЦАўнікоў”!”. 1193 З лёгкай рукі Міхаіла Мікалаевіча стала рэдактарам газеты “Слонімскі веснік” другая выхаванка Кузняцова – Марыя Данюк. Яе лірычнае выступленне кранула сэрца не толькі юбіляра. “У дзень яго нараджэння заўсёды свеціць сонейка, бо душа ў яго адкрытая і светлая, як сонечныя праменні. Ён навучыў нас, сваіх вучняў, не толькі прафесійнаму майстэрству, але і чуласці да людзей”, – сказала жанчына і нізка пакланілася да зямлі Настаўніку. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Раманчук, уручаючы ўзнагароду шматгадоваму ўдзельніку хору ветэранаў “Успамін”, адзначыла, што Міхаіл Мікалаевіч Кузняцоў – адзіны ў нашым раёне заслужаны работнік культуры. Салісты хору Ларыса Сталпец, Ала Вілесава, Анатолій Кніга, Іван Генюш, Станіслава Прызван віталі ветэрана не толькі цёплымі словамі, але і песнямі. Станіслава Прызван прызналася, што ганарыцца сваім знаёмствам з юбілярам, бо пачалося яно яшчэ ў дзяцінстве ў бацькоўскай хаце Казакевічаў, куды Міхаіл Мікалаевіч любіў заглядаць на “агеньчык”. Удзельнікі клуба “Восень жыцця”, выконваючы для ветэрана песню “И кто его знает”, па-прасілі і яго згадаць адну з любімых кампазіцый. (Ды і іншым выканаўцам песень падпяваў юбіляр. А ўжо калі адзін выйшаў на сцэну і выканаў “Огонек”, во- клікам “Брава!” не было канца). Ад імя раённай ветэранскай арганізацыі юбіляра вітаў намеснік старшыні Анатолій Вярстак. “Кузняцоў стаяў ля вытокаў нашай ветэранскай арганізацыі і зрабіў вельмі многа для яе станаўлення. Ён і зараз не пакідае ў нас працы. Праяўляе актыўнасць ва ўсіх мерапрыемствах”, – адзначыў Анатолій Станіслававіч. Не забыліся пра свайго падапечнага і работнікі цэнтра сацыяльнага абслугоў-вання насельніцтва. Нездарма прадстаўнік Гродзенскага абкама КПБ Дзмітрый Аляшкевіч падкрэсліў: “Я часта бываю на юбілейных святах, але, прызнаюся, такой цёплай атмасферы не назіраў нідзе. Вялікі дзякуй арганізатарам і ўсім прысутным у зале!”. Дзмітрый Сцяпанавіч звярнуў увагу і на матэрыялы аформленай бібліятэкарамі кніжнай выставы “Воін. Журналіст. Настаўнік”. Ён папрасіў адзін з нарысаў даслаць яму, каб размясціць яго ў рэспубліканскім выданні. Вечар-партрэт паважанага на Зэльвеншчыне чалавека закончыўся цудоўнай песняй “Я люблю тебя, жизнь”. І адным з салістаў быў, вядома, Міхаіл Мікалаевіч – чалавек-легенда, гонар і сумленне нашага краю. Яніна ШМАТКО. Фота Віктара МАКОЎСКАГА.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.