Работнікі культуры падрыхтавалі вясёлую калядную праграму для вяскоўцаў Зэльвенскага раёна

3475

Для вясковых жыхароў Каляды – адно з самых любімых святаў. Многія пажылыя вяскоўцы і цяпер з настальгіяй узгадваюць, як даўней, пераапранутыя ў жывёл або цыган, яны хадзілі шчадраваць. Ды і самі гасцінна расчынялі дзверы сваіх дамоў для ражаных.

Работнікі сектара па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў аддаленых і маланаселеных пунктаў народныя традыцыі не забываюць. У святкі загадчыца сектара Тамара Кісель, акампаніятар Мікалай Дзярэчык, школьнікі Таццяна Някрасава і Уладзіслаў Дзярэчык з забаўляльнай каляднай праграмай пабывалі ў вв.Клепачы, Пузікі, Крэслы, Янаўшчына, а заўтра адправяцца ў  вёскі Старое Сяло і Акцябрская.

Артысты падрыхтавалі сапраўдную міні-пастаноўку, заснаваную на старажытных звычаях шчадравання. Гарэзлівая Козачка, наскакаўшыся, падала як нежывая. Пакуль яе не прыводзілі ў прытомнасць шчодрыя сялянскія пачастункі, аніяк не магла падняцца. Таўсматы Мядзведзь, ледзь паварочваючыся, паказваў, які ён дужы. Артысты  сваімі вясёлымі песнямі парадавалі ўсіх прысутных, адрасавалі ім самыя шчырыя пажаданні. Толькі загучаў акардэон – як дзядулі і бабулі пусціліся ў танцы.

Чакаючы ражаных гасцей, стараста в. Крэслы Тэрэза Хутко склала калядны гімн, які прагучаў у час сустрэчы. Тэрэза Станіславаўна прыгадала гады сваёй маладосці, існаваўшыя тады традыцыі святкавання Каляд.

Як адзначалі ўдзельнікі святочнай каляднай праграмы, такія мерапрыемствы даюць упэўненасць, што нашы прыгожыя нацыянальныя абрады і звычаі будуць захаваны і далей: сваю самабытнасць беларусам страчваць нельга.

Наталля МАЦЮК.

Вам может быть интересно

Комментарии отключены