Презентация сборника композитора Владимира Плюты прошла в Зельвенской библиотеке

У святочнай абстаноўцы пад акампанемент народнага аркестра інструментаў дзіцячай школы мастацтваў адбылася прэзентацыя зборніка песень “Акорды творчае душы” самадзейнага кампазітара Уладзіміра Плюты. Зборнік складзены і выпушчаны работнікамі цэнтральнай раённай бібліятэкі.

 

  Презентация сборника композитора Владимира Плюты прошла в Зельвенской библиотеке

 

Уладзімір Міхайлавіч – карэнны жыхар вёскі Дзярэчын. Тут прайшло яго дзяцінства, школьныя і юнацкія гады. Працаваў у мясцовай школе бібліятэкарам, пасля–настаўнікам спеваў і музыкі, а з 1978 года аж да выхаду на заслужаны адпачынак–дырэктарам Дзярэчынскай музычнай школы. На працягу многіх гадоў Уладзімір Плюта ўзначальваў харавыя калектывы школы і мясцовага калгаса, якія паспяхова выступалі на раённых, абласных і рэспубліканскіх аглядах мастацкай самадзейнасці. 
Уладзімір Міхайлавіч з кагорты таленавітых людзей-самавучак. Ад сонца ў яго–шчырасць і душэўная цеплыня, ад неба–натхненне, ад зямлі–мудрасць.
У сям’і Плютаў было 5 сыноў. Жылі, як усе: працавалі з раніцы да вечара. У кароткія хвіліны адпачынку любілі спяваць. Асабліва захапляўся музыкай маленькі Валодзя. Ён лавіў гукі прыроды і ў сваёй душы ператвараў іх у цудоўныя мелодыі. Яго музычнаму выхаванню паспрыяла добрая традыцыя, якая існавала ў даваеннай Дзярэчынскай школе: перад пачаткам заняткаў дзеці абавязкова спявалі некалькі песень. І сёння памятае Уладзімір Міхайлавіч песні дзяцінства (як напамін аб той пары падчас сустрэчы ў выкананні Станіславы Прызван пра- гучалі песні на польскай мове, якія вельмі расчулілі іх аўтара).
Вельмі рана навучыўся Валодзя граць на гармоніку. З задавальненнем рабіў гэта не толькі для сябе, але і для іншых. Яго ўсё часцей і часцей сталі запрашаць на вясковыя танцы і вяселлі. Здавалася, што таленавітага хлопца чакае шырокі шлях да мастацтва. Але грымнула вайна, і пра вучобу прыйшлося забыцца. Нягледзячы на тое, што ў пасляваенны час Валодзі, як і ўсім яго аднагодкам, давялося многа і цяжка працаваць, аб музыцы ён не забываў ні на хвіліну. Неяк пачуў, што на чыгуначным вакзале ў Зэльве дэмабілізаваныя вайскоўцы нядорага прадавалі трафейныя рэчы. Можа, раптам там маецца музычны інструмент, мільганула ў думках хлопца? Ён адправіўся на вакзал, дзе сапраўды набыў акардэон. Шчасцю юнака не было меры.
Любоў да харавых народных спеваў суправаджала Уладзіміра Міхайлавіча па жыцці. Ён ніколі не шукаў славы, не збіраў рэгаліі, не імкнуўся звярнуць увагу на сваю асобу. Пра яго ўнутраны мастацкі свет ніхто і нішто не раскажа лепш, як арганізаваны ім хор. За 37 гадоў гэтаму таленавітаму чалавеку давялося правесці тысячы рэпетыцый з вакальнымі калектывамі нашага і суседніх раёнаў, сотні выступленняў на канцэртах. Падзяк і грамат – не злічыць. Аўтар і яго калектывы не раз станавіліся лаўрэатамі шматлікіх конкурсаў, нават Усесаюзнага (1985 г.), прысвечанага 40-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Сваімі ўспамінамі аб той пары падзяліўся Анатолій Кніга, былы ўдзельнік хору, якім кіраваў Уладзімір Плюта.
За доўгія гады працы Уладзімір Міхайлавіч выгадаваў не аднаго здольнага музыканта. Доказам таму былі выступленні-ўспаміны былых калег па працы Таццяны Саладуха, настаўніцы дзіцячай школы мастацтваў, Таісіі Біч – вучаніцы кампазітара, былой загадчыцы дзіцячага сада вёскі Дзярэчын.
Аб пошуках Уладзіміра Плюты ў кампазітарстве многае мог расказаць Пётр Марціноўскі, але, на жаль, яго ўжо няма сёння з намі. Менавіта Пётр Мікалаевіч падштурхнуў свайго лепшага сябра да кампазітарскай дзейнасці. Па-рознаму з’яўляліся на свет песні: у адным выпадку паэт прапаноўваў свой твор, у другім–кампазітар наігрываў мелодыю. За некалькі гадоў сумеснай працы яны напісалі нямала цудоўных песень. Адзін за адным з’яўляліся музычныя творы на словы Л.Дранько-Майсюка “На каляды, на каляды”, У.Мазго “Вяртанне крылатых сяброў”, А.Кавалевіча “Малады душой”, С.Літвінчык “Маміна цяпло”.
Асабліва прыгожымі атрымліваліся песні тады, калі сэрцы абодвух творцаў біліся ва ўнісон. Так здарылася, што Пётр Мікалаевіч і Уладзімір Міхайлавіч кахалі жанчын з аднолькавым прыгожым іменем – Ірына, і абодва праз гады засталіся без сваіх дарагіх палавінак. Таму, напэўна, такая душэўная песня “Ах, Ірына, Ірына…”, якую выканаў народны калектыў “Званочкі”.
Хораша гучалі песні любімага дзядулі ў выкананні дарослых унукаў – Віталія і Таццяны. Яны робяць нямала для таго, каб песні засталіся жыць: запісваюць на дыскі, прапаноўваюць для выканання калектывам мастацкай самадзейнасці г.Слонім. Пацвярджэнне гэтаму– песня “Вясенняе танга”, якая прагучала з дыска.
Музыку, што ўсё жыццё гучыць у сэрцы Уладзіміра Плюты, палюбілі і сталыя, і маленькія дзярэчынцы. З замілаваннем аўтар слухаў сваю песню “Мама і сонца” ў выкананні хлопчыкаў і дзяўчынак мясцовага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
Здароўя, доўгіх гадоў жыцця, новых песень і творчага натхнення пажадалі ўдзельнікі мерапрыемства шаноўнаму Уладзіміру Міхайлавічу і падарылі на памяць зборнікі з яго творамі. 

алянціна МАСЮК, 
загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі.

 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.