Поздравляем бывшего сотрудника редакции газеты «Праца» Николая Селявко с юбилеем!

15 мая адзначыў 85-ю гадавіну  свайго нараджэння былы супрацоўнік газеты “Праца”, жыхар г.п.Зэльва Мікалай Сяляўка (на здымку). Нягледзячы на тое, што юбіляр ужо у сталым узросце, ён па-ранейшаму бадзёры і рухавы. У Мікалая Іванавіча цікавы жыццёвы лёс. 

 

  Поздравляем бывшего сотрудника редакции газеты «Праца» Николая Селявко с юбилеем!   

 

Паважаны  Мікалай Іванавіч СЯЛЯЎКА

Прыміце шчырыя віншаванні і самыя найлепшыя пажаданні
ў дзень Вашага 85-годдзя.
Хай кожны дзень даруе шчасце,
І сонца свеціць хай заўжды.
Гады ніколі хай не стараць
І не прыносяць у дом бяды.
У светлае свята, у дзень юбілею,
Жадаем мы радасці, веры, надзеі,
Спакою і шчасця ў будні і святы,
Хай добрыя весткі прыходзяць у хату.
Жадаем яшчэ мы здароўя і сілы.
Жыццё няхай будзе доўгім, шчаслівым.
З павагай – калектыў работнікаў
рэдакцыі газеты “Праца”. 

 

 

Родам з сялян
Нарадзіўся Мікалай Сяляўка ў вёсцы Запруддзе Ружанскага раёна (зараз Зэльвенскі) у сялянскай сям’і. Калі крыху падрос, стаў дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Рана памерла маці, і хлопчыку разам з сястрой давялося зведаць усе хатнія клопаты.
Бацька хацеў, каб сын вырас адукаваным чалавекам, і ў дзевяць гадоў прывёў яго ў Славаціцкую царкоўна-прыходскую школу. У Мікалая была вялікая цяга да ведаў, таму вучоба яму давалася лёгка. 
У верасні 1939 года Чырвоная Армія прынесла вызваленне ад панскага прыгнёту. Жыць станавілася лягчэй. Бацьку выбралі старшынёй сельсавета. На жаль, мірнае шчаслівае жыццё працягвалася нядоўга. З прыходам фашыстаў усіх вяскоўцаў абклалі высокімі харчовымі падаткамі. Мужчын і юнакоў адпраўлялі на розныя работы. Любое парушэнне ці супраціўленне новай акупацыйнай уладзе каралася вельмі жорстка. Неўзабаве бяда пастукала і ў хату Сяляўкаў: паліцаі з немцамі забралі бацьку, як пазней даведаліся, на працу ў лагер, размешчаны ў Ваўкавыску. Мікалай з сястрой засталіся дома адны, і ўсе клопаты па вядзенні гаспадаркі ляглі на іх плечы. Каб не памерці з голаду, прыходзілася шмат працаваць. Праз два месяцы бацька вярнуўся дадому.


Воінская служба
Ліпень 1944 года. У армію пачалі прызываць юнакоў і мужчын. У іх ліку быў і бацька. У канцы снежня 1944 года атрымаў павестку аб прызыве ў армію і Мікалай. Ён трапіў у 37-ы запасны стралковы полк, які знаходзіўся ў Полацку. Служба была цяжкай: штодзённыя працяглыя заняткі па баявой падрыхтоўцы, нясенне каравульнай службы, акрамя гэтага даводзілася выконваць шмат іншых работ. Ад вялікіх фізічных нагрузак і недаядання многія з салдат знясілелі. Прыехаўшая ваенная камісія, якая займалася адпраўкай рэзерву на фронт, прызнала, што большасць салдат палка не годныя для вядзення баявых дзеянняў. Воінскую часць расфарміравалі, а ўсіх салдат, не прайшоўшых камісію, ад-правілі па розных падраздзяленнях. Мікалай трапіў у Бабруйск, у 143-і запасны стралковы полк. Зноў была баявая вучоба і чаканне адпраўкі на разгром фашысцкай Германіі. Але на фронт Сяляўцы не давялося трапіць. 9 мая часць абляцела радасная вестка, што вайна скончылася. Мікалай для далейшага праходжання службы быў накіраваны ў авіяцыйную дывізію.
Служыў Мікалай Сяляўка добрасумленна і адказна. Прымаў актыўны ўдзел у жыцці камсамольскай арганізацыі часці. Кожны раз, калі выпадаў вольны час, з задавальненнем чытаў кнігі і займаўся самаадукацыяй. За выдатныя поспехі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы камандаванне часці прадаставіла яму кароткатэрміновы водпуск. У той час рэдка хто атрымліваў такую “ўзнагароду”. На радзіме чакала радасная сустрэча з бацькам і сястрою, сябрамі і аднавяскоўцамі. Але водпуск праляцеў хутка, і салдат зноў вярнуўся ў часць. 
–А праз некалькі дзён,–успамінае Мікалай Іванавіч,– стала вядома, што нас адпраўляюць у адну з краін Далёкага Усходу на барацьбу з імперыяліс-тычнымі агрэсарамі. Гэта ваенная аперацыя была сакрэтнай, і кожны з нас даў падпіску не выдаваць яе. Нас пераапранулі ў цывільнае адзенне і па-грузілі ў таварныя вагоны. Праз месяц знаходжання ў дарозе прыбылі ў кітайскі горад Ляоян, які знаходзіўся на Ляодунскім паўвостраве. Там ужо змянілі цывільнае адзенне на воінскую форму кітайскай арміі. Пачаліся баявыя будні. Я быў назначаны камандзірам стартавага аддзялення. У час палётаў пастаянна знаходзіўся на аэрадроме: разам з авіяцыйнымі механікамі адпраўлялі нашых лётчыкаў на баявое заданне на знішчэнне амерыканскіх самалётаў ў небе над Карэяй і з нецярпеннем чакалі іх вяртання. Камандаваў нашай дывізіяй двойчы Герой Савецкага Саюза Аляксей Алялюхін. Мне неаднаразова прыходзілася з ім сустракацца. Адначасова з баявымі вылетамі полк займаўся навучаннем кітайскіх лётчыкаў палётам на рэактыўных самалётах МІГ-15.
З дапамогай перакладчыка я стаў вывучаць кітайскую мову. І праз некаторы час мог размаўляць з мясцовым насельніцтвам, з якім у нас склаліся сяброўскія адносіны. Разам з кітайцамі ўрачыста адзначылі першую гадавіну Кітайскай народнай рэспублікі. Нашу дывізію наведаў вядомы палітычны і ваенны дзеяч КНР, міністр абароны Джу Дэ. Ён даў высокую адзнаку падрыхтоўцы кітайскіх лётчыкаў і падзякаваў за гэта ўсім нам. За час службы давялося пабываць у буйных кітайскіх гарадах Мукдэн, Харбін, Цань-Зынь. Бачыў месцы, дзе пахаваны рускія салдаты і маракі, загінуўшыя ў баях у час вайны Расіі з Японіяй у 1905 годзе. Кітайцы да нас адносіліся паважліва і добразычліва. На ўсё жыццё запомніўся канцэрт, які мы падрыхтавалі для жыхароў горада Цындаа. Пасля яго заканчэння ўсіх нас запрасілі на прыём да мэра. Аб Кітаі і яго людзях у мяне засталіся толькі добрыя ўражанні. 


Мірная плынь жыцця
У снежні 1951 года пасля сямі гадоў службы Мікалай Сяляўка дэмабілізаваўся. Як адукаванага чалавека і камсамольскага актывіста, яго назначылі загадчыкам мясцовага дома-чытальні. “У вёсцы тады моладзі было шмат,–расказвае Мікалай Іванавіч,– і працаваць было даволі цікава. Праз некаторы час па прапанове Ружанскага райкама камсамола мне даручылі ўзначаліць мала-дзёжную брыгаду, якая накіроўвалася на будаўніцтва Мінскага трактарнага завода”.
Праз год Сяляўка вярнуўся ў Ружаны, дзе яго прынялі ў рады камуністычнай партыі. Некаторы час працаваў у мясцовай рэдакцыі, потым інструктарам райкама партыі. На гэтых пасадах зарэкамендаваў сябе граматным і адказным спецыялістам.Таму райкам прапаноўваў розныя адказныя пасады. Давялося быць і ляснічым, і старшынёй калгаса, і сакратаром партыйнай арганізацыі адной з гаспадарак раёна. Праз некаторы час маладога камуніста адпраўляюць на вучобу ў Магілёўскую партыйную школу. Там, акрамя асноўнай партыйнай адукацыі, атрымаў спецыяльнасць вучонага-агранома. Пасля вяртання з вучобы быў назначаны сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса ў вёсцы Зеляневічы. Завочна вучыўся ў Вышэйшай партыйнай школе пры ЦК КПБ. Калі ў 1967 годзе быў зноў створаны Зэльвенскі раён, у яго былі ўключаны некаторыя гаспадаркі Ружанскага раёна, у тым ліку і калгас імя Дзяржынскага, дзе Мікалай Іванавіч працаваў старшынёй гаспадаркі. Пасля рэарганізацыі гэтага калгаса на два райкам партыі назначае Мікалая Сяляўку намеснікам старшыні калгаса “Светлы шлях”, сельскагаспадарчыя ўгоддзі якога размяшчаліся вакол Зэльвы.


22 гады ў “Працы”
–Працуючы ў калгасе, неаднаразова прыходзілася сустракацца з супрацоўнікамі раённай газеты “Праца” і яе рэдактарам Міхаілам Мікалаевічам Кузняцовым, які аднойчы прапанаваў мне паспрабаваць сябе ў журналістыцы. Я згадзіўся. Працоўную дзейнасць у рэдакцыі пачынаў карэспандэнтам, а праз чатыры месяцы даручылі ўзначаліць аддзел сельскай гаспадаркі, якую я добра ведаў. Лёгкай працу ў газеце не назавеш. Пастаянныя паездкі па калгасах раёна, пасля вяртання з якіх трэба было тэрмінова здаць матэрыял у друк. Прыходзілася часта затрымлівацца на рабоце. Пастаянна працаваў над павышэннем свайго прафесійнага ўзроўню. На першым этапе станаўлення вельмі дапамагалі парады рэдактара Міхаіла Ку-зняцова і іншых вопытных калег. Хутка мае матэрыялы пачалі друкаваць не толькі ў “раёнцы”, але абласных і рэспубліканскіх выданнях.
З цеплынёй гаварыў юбіляр пра сваіх калег па пяру, з якімі прыйшлося доўгі час працаваць. Задаволены Мікалай Іванавіч і сваім жыццём. Разам з жонкай Клаўдзіяй Фёдараўнай, з якой пражылі больш за 50 гадоў, выхавалі сыноў Уладзіміра і Аляксандра, дачку Святлану. Радасцю напаўняецца сэрца дзядулі, калі яго наведваюць унукі Вадзім, Паўлік, Аляксандр, Цімафей, унучка Вераніка і праўнучка Машанька.
Вельмі любіць Мікалай Іванавіч прыроду, захапляецца зборам грыбоў, вырошчваннем агародніны. Акрамя гэтага праяўляе цікавасць да таго, што адбываецца ў свеце, рэспубліцы, раёне. Пра ўсе навіны даведваецца з праграм тэлеперадач і любімай газеты “Праца”.  

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.