Пасланне да Ражджаства Хрыстовага мiтрапалiта Мiнскага i Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусi, архiпастырам, пастырам, дыяканам, манахам i ўсiм верным дзецям Беларускай Праваслаўнай Царквы

Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архiпастыры, пачэснае святарства, у Хрысце дыяканства, богалюбiвы манаскi чын, дарагiя браты i сёстры!



Сардэчна, са светлай радасцю вiтаю вас i вiншую з найвялiкшай спасiцельнай падзеяй: прышэсцем у свет Сонца Праўды — Хрыста, Бога нашага: «Слова стала плоццю, i жыло сярод нас, поўнае благадацi i iсцiны» (Iн. 1, 14). Любячы Сваё стварэнне, Стваральнiк i Спасiцель наш Хрыстос–Бог стаў чалавекам, ва ўсiм падобным да нас, акрамя граху (гл. 1 Цiм. 3, 16; Яўр. 4, 15). Гасподзь прынёс заблуднаму чалавецтву найвялiкшы з усiх дароў — Сваю Божую любоў, каб спасцi свет, вызвалiць чалавека ад страху смяротнага i ад самой смерцi, дараваць паўнату быцця ў Богу i жыццё вечнае кожнаму, хто пачуе заклiк Божы i пойдзе за Iм.

У сваiм пасланнi апостал Павел звяртаецца да карынфскiх хрысцiян, а значыць, i да кожнага з нас, з адным з такiх заклiкаў:«Праслаўляйце Бога i ў целах вашых, i ў душах вашых, якiя належаць Богу» (1 Кар. 6, 20). Галоўны сэнс гэтага заклiку заключаецца ў тым, каб мы не толькi дзякавалi Богу i ўзносiлi Яму хвалу ў малiтвах i песнапеннях, але i прыносiлi добры плод — справы любовi i мiласэрнасцi на славу Божую, на карысць Царквы, на карысць Бацькаўшчыны i на карысць блiжняга, несучы «цяжары адзiн аднаго» (Гал. 6, 2) — i ў радасцi, i ў горы.

Гасподзь запаведаў нам любiць адзiн аднаго, захоўваць адзiнства царкоўнае, несцi людзям мiр Хрыстоў i дабро, быць лагоднымi i цярплiвымi, быць руплiвымi ў малiтве i ў служэннi слабым i абяздоленым. «Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучнi, калi любоў будзеце мець памiж сабою» (Iн. 13, 35), — кажа нам Гасподзь i Спасiцель наш Iiсус Хрыстос. Далучаючыся да гэтай уседасканалай Божай любовi, мы здабываем непераможную зброю «супраць злых духаў паднябесных» (Эф. 6, 12), здабываем магчымасць паспяхова супрацьстаяць усiм выклiкам часу. Якiя б спакусы i выпрабаваннi нi спасцiгалi нас у гэтым жыццi, словы Госпада: «Я з вамi ва ўсе днi да сканчэння веку» (Мт. 28, 20) усяляюць у нас надзею, што Ён не пакiдае нас сёння i не пакiне ў будучы час.

Закон любовi, завешчаны нам Спасiцелем, ляжыць у аснове сапраўднага «адзiнства духу» (Эф. 4, 3). Гэты закон — аснова грамадскага жыцця i салiдарнасцi, супольнай стваральнай працы i супрацоўнiцтва на славу Божую i на радасць тым, хто перажывае розныя беды i няшчасцi, хто церпiць нягоды i мае патрэбу ў нашай дапамозе i падтрымцы. Але сапраўднае яднанне народа не можа абмяжоўвацца толькi часам выпрабаванняў, яно павiнна стаць неад’емнай часткай нашай хрысцiянскай самасвядомасцi i сапраўднага хрысцiянскага жыцця.

Зноў надышло светлае свята Ражджаства Хрыстовага, свята гарачай веры i непасаромленай надзеi на Промысл Божы, якi вядзе да дабра кожнага чалавека. Зноў раскрываецца неба над зямлёю, зноў чуецца ангельскае славаслоўе, якое абвясцiла свету «радасць вялiкую, якая будзе ўсяму народу: нарадзiўся вам сёння ў горадзе Давiдавым Спасiцель» (Лк. 2, 10–11). Разам з ангеламi мы зноў заклiкаемся заспяваць славаслоўе Дзiцятку Хрысту, Якi нарадзiўся, i, укленчыўшы перад Iм, як гэта зрабiлi ўсходнiя мудрацы, прынесцi ў дар «фiмiям» сардэчнай малiтвы, «золата» добрых спраў на славу Царквы i на карысць блiжняга, «мiра» ахвярнага служэння блiжнiм, i, прыпаўшы да ясляў Хрыстовых, як вiфлеемскiя пастухi, славiць i хвалiць «Бога за ўсё, што пачулi i ўбачылi».

Праасвяшчэнныя архiпастыры, дарагiя айцы, браты i сёстры, мiнулы год быў няпростым для многiх з нас, але, мiласцю Божай, ён прынёс нам i нямала духоўнай радасцi. Ён быў адзначаны шматлiкiмi важнымi падзеямi ў жыццi нашай Царквы. У мiнулым годзе ва ўсiх епархiях архiерэi з клiрам, брацiяй i паствай займалiся вырашэннем надзённых пытанняў царкоўнага жыцця: добраўпарадкаваннем епархiяльнай i прыходскай дзейнасцi, стварэннем якасна новых прыходаў, якiя заклiканы стаць сапраўднымi праваслаўнымi абшчынамi, здольнымi да актыўнага ўдзелу ў царкоўнай мiсii, з уключэннем у iх самай актыўнай сiлы грамадства — моладзi; шмат увагi надавалася развiццю сацыяльных i асветнiцкiх праектаў Праваслаўнай Царквы.

У 2016 годзе Беларуская Праваслаўная Царква i Дзяржава працягнулi супольную працу ў галiне аховы i захавання гiсторыка–культурнай спадчыны. Асаблiвая ўвага надаецца захаванню традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа, духоўна–маральнаму выхаванню падрастаючага пакалення i прафiлактыцы негатыўных з’яў i iх наступстваў у грамадстве. У аснову культуры i дзяржаўнасцi Беларусi закладзены хрысцiянскiя каштоўнасцi, якiя з’яўляюцца самым верным арыенцiрам не толькi ў жыццi хрысцiянiна, але i асобнага чалавека. Дзяржава сёння падтрымлiвае Царкву ў яе патрыятычных iнiцыятывах i пропаведзi набожнага ладу жыцця.

Святая Праваслаўная Царква заклiкае кожнага з нас старанна працаваць над ачышчэннем i праабражэннем сваёй душы, бо духоўная перамена самога сябе — залог i аснова для праабражэння ўсяго народа нашай Бацькаўшчыны.

Дарагiя i ўзлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архiпастыры i пастыры, iнакi i iнакiнi, браты i сёстры! Ад усяго сэрца з любоўю ў Хрысце зноў i зноў вiншую ўсiх вас з вялiкiм святам Ражджаства Хрыстовага i з Новым годам мiласэрнасцi Божай. Малiтоўна жадаю вам добрага здароўя, мiра, дабрабыту i невычэрпнай благадатнай дапамогi Божай у вашых подзвiгах i працы на славу Святой Царквы Хрыстовай, на карысць роднай Бацькаўшчыны i на карысць усiх нашых блiжнiх. Амiнь.

 +ПАВЕЛ, 

мiтрапалiт Мiнскi i Заслаўскi,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi.

Ражджаство Хрыстова,
2016 — 2017 гг.,
горад Мiнск.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.