Падворак Валянціны Янковіч з Крывіч патанае ў кветках

Дом № 51 у Крывічах на вясковай вуліцы бачны здалёк. Праязджаючы або праходзячы побач, на яго проста немагчыма не звярнуць увагі. Практычна ўся дваровая тэрыторыя патанае ў кветках. “Якая прыгажосць!” – першае ўражанне ад квітнеючых практычна ў кожным куточку двара раслін было неверагодным. Пакуль я любавалася створаным хараством, з дома выйшла гаспадыня Валянціна Янковіч. – Кветкі – маё хобі, – расказвае суразмоўца, аглядаючы клумбы. – Далікатна адношуся да кожнага кусціка – ведаю кожны лісточак і абавязкова заўважу, калі з ім штосьці не так. Некалькі гадоў таму жанчына пачала актыўна займацца кветкаводствам. Часу на новае захапленне хапала – якраз выйшла на заслужаны адпачынак. – Дом дастаўся ў спадчыну ад бацькоў, – працягвае Валянціна Мікалаеўна. – Мне вельмі хацелася стварыць тут узорны парадак. Тым больш што мае бацька і маці рабілі ўсё, каб каля хаты было ўтульна і акуратна, прыкладалі да гэтага шмат намаганняў. Праўда, кветак было нямнога. У асноўным садзілі агародніну. Стараліся з карысцю выкарыстаць кожны кавалачак зямлі. Узяўшыся ўвасабляць задуманае ў жыццё, новая гаспадыня перакапала ў двары нават тую тэрыторыю, дзе расла трава. Спачатку высадзіла некалькі кустоў геаргінаў, якімі падзяліліся суседзі. Паступова іх размножыла. Затым стала набываць насенне іншых кветак. За некалькі гадоў расліны разрасліся. Цяпер прысядзібны ўчастак патанае ў квецені. – Шкада, што вы не бачылі, як усё квітнела з пачатку вясны, – гаворыць Валянціна Мікалаеўна. – Як толькі трохі пацяплела, у красавіку я перабралася сюды з абласнога цэнтра. І пачалася карпатлівая праца на клумбах. Было шмат цюльпанаў. На змену ім зацвілі півоны, рамонкі, лілеі. Цяпер вабяць вока астры, геаргіны і многія іншыя кветкі. У агародзе паміж градак я заўважыла шмат аксамітак. – Навошта так многа? – цікаўлюся. – Гэтыя расліны валодаюць вельмі карыснай уласцівасцю – яны адпужваюць насякомых і матылькоў, якія могуць нанесці ўрон ураджаю. Вось тут у мяне раслі цыбуля і часнок, а на гэтай градцы – бульба, кабачкі, фасоля, гарбузы, кукуруза. Ды і квітнеюць аксаміткі прыгожа да глыбокай восені, – патлумачыла жанчына. Валянціна Янковіч знаходзіць аддушыну і ў развядзенні пакаёвых кветак, якія цяпер упрыгожваюць уваход у дом. У гаршках высаджаны разна-стайныя па гатунках і афарбоўцы герані. Арганічна іх дапаўняюць рознакаляровыя петуніі. – Такая прыгажосць патрабуе пільнага догляду, а таксама шмат часу і ведаў па кветкаводстве, – падкрэслівае Валянціна Мікалаеўна. – Як правільна паліваць, падкормліваць. Аднак такая работа мне прыносіць задавальненне, дорыць цудоўны настрой. Сапраўдныя імяніны сэрца! Наталля МАЦЮК.
Вам может быть интересно
1 комментарий
  1. ane4ka says

    Очень нравится любоваться такой красотой во дворах, а вот самой заняться выращиванием цветов просто нет времени. Поэтому всегда восхищаюсь такими хозяюшка-цветоводами!Большие умнички!

Reply To ane4ka

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.