Орденом Матери 3 июля будет награждена жительница Зельвенского района Раиса Никитина

Завітаць у госці да Раісы Сяргееўны Нікіцінай з вёскі Конна напярэдадні галоўнага свята нашай краіны – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – дазволіла  прыемная нагода: 3 ліпеня жанчыне, нарадзіўшай і выхаваўшай пяцярых дзяцей, будзе ўручана ганаровая ўзнагарода – ордэн Маці.

 

  Орденом Матери 3 июля будет награждена жительница Зельвенского района Раиса Никитина

 

Дом пад №100 нічым асаблівым сярод іншых домаўладанняў вёскі не выдзяляецца: дагледжаная тэрыторыя, сціплыя веснічкі, заўсёды гасцінна адчыненыя сенцы. І толькі пазнаёміўшыся бліжэй з яго гаспадарамі, разумееш, што жывуць тут добразычлівыя, сардэчныя і вельмі сціплыя людзі.
На парозе, як і належыць, нас ветліва сустрэла крыху ўсхваляваная гаспадыня. Зразумець яе хваляванне проста – не кожны ж дзень да цябе такая павышаная ўвага! Па словах жанчыны, Падзячныя пісьмы ёй даводзілася атрымоўваць і раней, не аднойчы за добрасумленныя адносіны да працы яна заахвочвалася матэрыяльна. Але такой высокай дзяржаўнай адзнакі Раіса Сяргееўна ўдастоена ўпершыню.
Што ж падштурхнула гэтую жанчыну на нараджэнне пяцярых дзяцей? Па сучасных мерках гэта ўсё ж такі нямала.
–І я, і муж заўсёды хацелі мець вялікую і дружную сям’ю, таму ніколі не ўспрымалі дзяцей як цяжар,– расказвае Раіса Сяргееўна. –Нават і не ўяўляю цяпер, што ў маім жыцці магло быць неяк па-іншаму.
Прафесійная дзейнасць Раісы Нікіцінай таксама звязана з дзецьмі – яна памочнік выхавальніка ў Бародзіцкім дзіцячым садзе-пачатковай школе. За 22 гады працы яна прымала ўдзел у выхаванні не аднаго дзясятка хлопчыкаў і дзяўчынак. І да ўсіх іх адносілася, як да сваіх, родных.
Дзеці ў Раісы Сяргееўны і Анатолія Мікалаевіча выхаваныя, паслухмяныя і працавітыя. Пазнаёміўшыся з малодшым пакаленнем Нікіціных – школьнікамі Мікалаем і Веранікай – пераконваешся ў гэтым. У кожнага ў сям’і свае абавязкі (так было заўсёды, яшчэ калі з бацькамі жылі трое старэйшых дзяцей – Ірына, Алена і Дзяніс). Вераніка, нягледзячы на тое, што закончыла толькі тры класы школы, – добрая памочніца маме. Парадак у доме – гэта яе абавязак. Частка клопатаў па агародзе таксама на ёй. Як сапраўдная гаспадыня, дзяўчынка з задавальненнем ходзіць у магазін рабіць пакупкі. А Коля дапамагае бацьку ва ўсіх справах, дзе патрабуецца сіла і тэхнічнае мысленне.
Часта наведваюцца да бацькоў старэйшыя дочкі са сваімі сем’ямі, прыязджае з Мінска сын Дзяніс. Вялікая пацеха для Раісы Сяргееўны і Анатолія Мікалаевіча – 3 унукі і ўнучка.
–Дзеці – наша радасць і шчасце, – гаворыць жанчына. –Старэйшых мы выхоўвалі так, каб яны выраслі годнымі людзьмі, цяпер гэтаму ж вучым і малых. А сакрэт добрага выхавання – у нас, бацьках, у тым, які прыклад мы падаём сваім дзецям. Калі паміж намі мір і згода, то мір і паміж нашымі дзецьмі. 
Шчырыя ўсмешкі малодшых Нікіціных – яскравае пацвярджэнне таго, што ўсё сказанае – праўда. Вераніка і Мікалай вельмі ўважліва слухалі ўсю нашу размову – адчувалася, што яны вельмі ганарацца сваёй матуляй. А калі мы папрасілі дазволу зрабіць іх фота-здымак, абое так абнялі сваю матулю (на здымку), што не засталося ніякіх сумненняў: перад намі сапраўды моцная і шчаслівая сям’я.
Пра ўзнагароджанне ордэнам Маці мнагадзетная жанчына гаворыць з лёгкім хваляваннем, лічыць значнай падзеяй для ўсёй іх вялікай дружнай сям’і. А яшчэ – выдатнай нагодай, каб 3 ліпеня сабрацца ўсім разам у гасцінным бацькоўскім доме. 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.