Опыт санаторной школы-интерната на международной конференции “Твердовские чтения” представила Людмила Голоско

Педагогі Зэльвенскай санаторнай школы-інтэрната не толькі навучаюць дзяцей, але і актыўна займаюцца даследчай дзейнасцю. Нядаўна настаўніца працоўнага навучання і нямецкай мовы Людміла Галаско прыняла ўдзел у дзявятай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Цвёрдаўскія чытанні”, якая адбылася ў Краснадары. Аб тым, чым яна стала запамінальнай і адметнай, гутарым з Людмілай Міхайлаўнай. –Раскажыце, калі ласка, як вы атрымалі запрашэнне на канферэнцыю? –На адным з сайтаў у сацыяльных сетках ішло абмеркаване літаратурных тэм. Я зацікавілася і вырашыла далучыцца, тым больш што вельмі захапляюся чытаннем. Так пазнаёмілася з сусветна вядомым расійскім вучоным-інтэрнацыяналістам, выдатным філосафам сучаснасці Ігарам Качубеем. Расказала яму аб нашым населеным пункце, школе, дзе працую, праектах, якія тут рэалізуюцца. Асаблівы інтарэс у суразмоўцы выклікаў зялёны маршрут, створаны на тэрыторыі нашай установы. Да таго ж Ігар Валер’евіч прапанаваў мне перакласці яго верш на беларускую і нямецкую мовы. З часам прафесар запрасіў мяне паўдзельнічаць у навуковай канферэнцыі і выступіць з дакладам. Я пагадзілася і стала рыхтавацца. –У якім фармаце праходзілі “Цвёрдаўскія чытанні”? –Увогуле прысвячаліся чытанні памяці выдатнай асобы – падарожніка, вучонага, краязнаўцы, грамадскага дзеяча Аляксандра Цвёрдага. Аратары закраналі пытанні рэкрэацыі, турызму і падарожжа, адукацыі, краязнаўства. Паколькі сёлетні год у Расійскай Федэрацыі прысвечаны экалогіі, з’явіўся яшчэ адзін накірунак даследчай дзейнасці. На канферэнцыю заявілі пра сябе больш за 170 чалавек – гэта прадстаўнікі Расіі, Беларусі, Казахстана, Польшчы, Егіпту, Германіі. На пленарным пасяджэнні заслухоўваліся даклады, дэманстраваліся прэзентацыі, відэафільмы. Свае выступленні прадставілі не толькі прафесары, педагогі, студэнты і магістранты, але і  прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх арганізацый, работнікі камерцыйных структур. Мне выпаў гонар увайсці ў склад прэзідыума канферэнцыі. —Вы дзяліліся вопытам работы санаторнай школы-інтэрната ў плане экалагічнага выхавання навучэнцаў? –Менавіта так. З 2010 года ў нашай установе функцыянуе школьнае эколага-экскурсійнае агенцтва. Створана яно ў рамках рэалізацыі сумеснага праекта ПРААН/ЕС “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”. Будучым экскусраводам расказваем аб узнікненні зялёнага маршруту. Змяшчае ён 19 станцый, якія могуць стаць наглядным дапаўненем да ўрокаў біялогіі, гісторыі і геаграфіі. Падлеткі вучацца разумець і тлумачыць асаблівасці расліннага свету, замацоўваюць атрыманыя веды аб прыродзе, вывучаюць якасці вады, пяску, камянёў, магчымасці выкарыстання іх чалавекам. Вучні самі праводзяць экскурсіі для равеснікаў, тым самым развіваюць сваё ўменне трымацца на публіцы, аратарскія здольнасці. Апроч таго, прымаюць непасрэдны ўдзел у выданні буклетаў, календароў, карт-схем зялёнага маршруту. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія праходзяць у нас аздараўленне з усёй Гродзенскай вобласці, бяруць іх з сабой дадому, каб расказаць родным аб прыгажосці зэльвенскага краю. —Вы адзначалі вышэй, што зрабілі спробу перакладчыцкай дзейнасці. –Шчыра кажучы, пераклад быў не з лёгкіх, паколькі верш Ігара Качубея белы, багаты на сімволіку. Для мяне вялікі гонар, што такі выбітны чалавек даверыў мне гэту справу. Тэкст перш за ўсё прымушае думаць, разважаць. Мне ўдалося выканаць герменеўтычны аналіз верша, карацей кажучы, інтэрпрэтаваць яго сэнс, зрабіць даступным для чытачоў. Здавалася б, звычайная назва “Скарга неба”, а які заключае філасофскі змест. Аўтара турбуе лёс артэфактаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Егіпта. —Падзяліцеся сваімі ўражаннямі ад арганізаванага мерапрыемства. –Я мела магчымасць пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, заявіць пра Зэльву на міжнародным узроўні. Мне ўручылі сертыфікат за актыўны ўдзел у “Цвёрдаўскіх чытаннях”, даклад адзначылі дыпломам. У сакавіку выйдзе ў друк зборнік матэрыялаў канферэнцыі. Спадзяюся, наша супрацоўніцтва з навукоўцамі працягнецца. Гутарыла Наталля МАЦЮК.
Вам может быть интересно

Комментарии отключены