Очистить мысли, улучшить поступки

Праз некалькі дзён каталіцкія вернікі будуць адзначаць свята Уваскрэсення Хрыстова. Напярэдадні яго наш карэспандэнт сустрэлася з настаяцелем касцёла Святой Тройцы г.п.Зэльва Яцкам Маркелем і пацікавілася, як годным чынам падрыхтавацца да Вялікадня.

– Заўтра распачнецца велікодны Трыдуум. Якія набажэнсты неабходна наведваць перш за ўсё?
– Гэта апошнія перадвелікодныя дні. У Вялікі чацвер мы ўспамінаем пра апошнюю вячэру Іісуса Хрыста, калі быў устаноўлены сакрамант Эўхарыстыі. Вялікая пятніца прысвечана разважанням над пакутамі і смерцю Сына Божага, вячэрнія набажэнствы звязаны з ушанаваннем Святога Крыжа. У суботу мы молімся каля гроба Пана, а вечарам пачынаецца галоўная святая Імша ўсяго літургічнага года – велікодная Вігілія.
У адпаведнасці з касцёльнымі наказамі кожны католік абавязаны прыступіць да сакраманту пакаяння (споведзі) і прыняць святую Камунію. Гэта нялёгкая справа, бо трэба ісці да лекара, лячыць душу. Неабходна прызнацца ў цяжкіх учынках. Не трэба баяцца, паколькі святар нікому не мае права расказваць пра вашыя грахі. Ён дзейнічае ад імя Хрыста: хтосьці павінен ацаніць, асудзіць учынкі і даць добрую параду, параіць пачытаць духоўную літаратуру.
– А што наконт адной з дзесяці божых запаведзей: палюбі бліжняга свайго, як самога сябе?
– Пост – гэта адзін з найважнейшых хрысціянскіх учынкаў разам з малітваю і міласцінай. Пакаянне ўключае таксама добрыя справы. Неабходна навучыцца захоўваць пачуцці, сачыць за сваімі думкамі і ўчынкамі. Прасцей кажучы, мы па-вінны палепшыць свой характар і нораў. Папрасіць прабачэнне не толькі ў Бога за свае грахі, але і бліжніх.
– Як навучыцца дараваць адзін аднаму?
– Калі вас пакрыўдзілі, трэба па-глядзець на Хрыста і ўспомніць тыя словы, якія ён сказаў на Крыжы: “Ойча, даруй ім, яны не ведаюць, што чыняць”. Трэба прабачаць чалавеку. Можа, гэта вельмі цяжка, але нельга насіць у сваім сэрцы злосць і крыўду.
– У перыяд Вялікага посту ў нашай парафіі праводзяцца духоўныя практыкаванні – рэкалекцыі, у якіх можа ўдзельнічаць кожны вернік.
– Сёлета былі запрошаны ксян- дзы-місіянеры з Мінска і Шуміліна. На працягу васьмі дзён яны праводзілі навукі і набажэнствы, накіраваныя на духоўнае адраджэнне парафіі.
Кожны дзень місій адрозніваўся адзін ад аднаго і меў свой тэматычны накірунак. Расклад богаслужэнняў і сустрэч са святарамі быў складзены так, каб як мага больш людзей змаглі пабываць у касцёле. Душпастыры стараліся ахапіць усе слаі і ўзроставыя групы вернікаў: дзяцей, моладзь, мужчын і жанчын, хворых і састарэлых…
Многія, дзякуючы гэтаму, наблізіліся да Бога: знайшлі магчымасць прыняць удзел у набажэнствах і сустрэчах, перажыць споведзь і прыняць святую Камунію.
– Што неабходна ставіць на велікодны стол?
– Няма спецыяльнага канона, але ёсць традыцыі, агульныя як для праваслаўных, так і католікаў.
На велікодным стале вернікі звычайна ставяць усе няпосныя стравы. Абавязкова павінны быць асвечаныя яйка, хлеб, мяса і соль, а таксама хрэн, перац – усё гэта мае сваё сімвалічнае значэнне.
Хлеб – сімвал Іісуса Хрыстуса, вечнага жыцця i дастатку чалавека. Яйка – новае жыццё. Далей – соль. Іісус сказаў, што мы павінны быць соллю зямлі. Гэта і лякарства, і сімвал ачышчэння. Асвячаюць у нас і вяндліну. Менавіта таму, што чалавек, які працуе, павінен добра есці. Гэта сімвал дастатку, здароўя. Сыр – добрыя адносіны паміж чалавекам і сіламі прыроды. Гаспадар павінен даць яго жывёле, каб добра расла. Асвяціце хрэн: ён горкі, але такі і лёс Хрыста. Гэта знак сілы і фізічнай моцы чалавека. Таксама ён карысны для здароўя.
Яшчэ на стале абавязкова змяшчаць выпечаную альбо проста зробленую фігурку велікоднага ягняці з харугвай і радасным надпісам “Алелуя”. Яна сімвалізуе ягня, якое спажывалі яўрэі ў свята Пасхі.
Можна асвячаць і іншыя стравы. Вось толькі не трэба несці алкагольныя напоі.
– У нас сустракаецца шмат змешаных шлюбаў. Вядома, Бог адзін, але ж традыцыі розныя. Як трэба святкаваць Вялікдзень тым сем’ям, дзе муж католік, а жонка праваслаўная, ці наадварот?
– Калi двое людзей пажаніліся па каханнi, дык павінны паважаць адзiн аднаго і гэтыя традыцыі. Часта католікі ходзяць у царкву, а права-слаўныя – у касцёл. Бог у нас адзін, і гэта дазваляецца. Таму спачатку схадзіце ў касцёл, а праз пэўны час – у царкву. Не трэба толькі спрачацца, чыё свята і вера лепшыя.
– Праз некалькі дзён мы звернемся адзін да аднога са словамі: “Хрыстос уваскрос” – “Сапраўды ўваскрос!”. Што мы павінны пажадаць адзін аднаму ў такую светлую і радасную хвіліну?
– Уваскрэсенне Хрыстова – свята веры, якое азначае перамогу дабра над злом і з’яўляецца крыніцай высокіх духоўных каштоўнасцей, якія сёння так неабходны людзям.
Асабіста мне хочацца пажадаць вернікам ніколі не страчваць чалавечай вартасці, імкнуцца працягнуць руку дапамогі ўсім, каму патрэбны ўвага і падтрымка.

 

 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.