Школьные годы выпускница Козловичской школы Лариса Цыганкова (Грабун) вспоминает с ностальгией

Клас наш налічваў 12 вучняў: сем дзяўчынак і пяць юнакоў. Мы сябравалі і спрачаліся, весяліліся і сумавалі, але рабілі гэта разам. Побач з намі заўсёды былі нашы настаўнікі. З удзячнасцю хочацца ўспомніць педагогаў, якія не толькі давалі нам прадметныя веды, але і былі для нас дарадцамі, сябрамі і выхавацелямі. Гэта настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Святлана Іванаўна Літвінчык, рускай мовы і літаратуры Валянціна Ульянаўна Пякарская, фізічнай культуры Іван Іванавіч Літвінчык, біялогіі і хіміі Таццяна Васільеўна Рукіна, фізікі Міхаіл Парфір’евіч Бараноўскі, класныя кіраўнікі Валянціна Захараўна Ададурава, Пётр Іванавіч Пузыновіч і Юрый Аркадзьевіч Кузьміцкі. Самыя цёплыя ўспаміны і шчырыя пажаданні моцнага здароў’я і доўгіх гадоў жыцця адрасую адміністрацыі школы: дырэктару Васілю Паўлавічу Філітовічу, намеснікам дырэктара Галіне Аляксандраўне Бараноўскай, Ганне Сцяпанаўне Гуліс. Надоўга адклаліся ў памяці паходы і турзлёты, якія арганізоўваў з намі настаўнік гісторыі Анатоль Вацлававіч Лебедзь. Каманда школы, удзельніцай якой была і я, правяла тры дні ў лясах Літвы падчас турыстычнага злёту. Начлег у палатках, ежа, прыгатаваная на вогнішчы, дух спаборніцтва помняцца і сёння. Добра памятаю выступленні школьнага хору і агітбрыгады, тэксты для якіх пісала Валянціна Захараўна Ададурава. З пяшчотай успамінаю ўрокі матэматыкі Галіны Аляксандраўны Бараноўскай. Мы, дзяўчаты-выдатніцы, стараліся падказваць сваім аднакласнікам, якія дарэмна намагаліся рашыць задачу ля дошкі, і чулі гучнае настаўніцкае: “Вось, “хуткая дапамога” падаспела!”. Кожны з педагогаў у той ці іншай ступені зрабіў свой уплыў на нашы лёсы. Школьныя гады пакінулі ў мяне самыя цёплыя ўспаміны. З радасцю сачу за тым, як развіваецца школа сёння. Хочацца пажадаць настаўнікам і вучням Елкаўскай сярэдняй школы творчага плёну, высокіх дасягненняў і пазітыўнага настрою. З удзячнасцю і найлепшымі пажаданнямі – выпускніца Казловіцкай базавай школы Ларыса Грабун (Цыганкова).
Вам может быть интересно

Комментарии отключены