Михаил Денищик: «Что-то держит меня на этой земле»

8254

Больш чым 30 гадоў назад у Зэльву прыехала сям’я Міхаіла Паўлавіча і Лідзіі Лявонцьеўны Дзянішчыкаў. Хто мог падумаць, што не на год-два, а назаўсёды. У чым прычына іх любові да нашага маленькага пасёлка? Як ім жылося і працавалася ўсе мінулыя дзесяцігоддзі? Пра гэта і многае іншае мы гутарылі ва ўтульным доме Міхаіла Паўлавіча напярэдадні яго сямідзесяцігадовага юбілею.
Пакуль шляхі вялі ў Зэльву

8251
– Міхаіл Паўлавіч, раскажыце, калі ласка, пра свае вытокі. Чым займаліся да таго часу, пакуль лёс не закінуў у Зэльву?
– Мая радзіма – вёска Паўсаты Дзятлаўскага раёна. Бацька, Павел Рыгоравіч, пасля атрыманага на вайне ранення застаўся інвалідам на ўсё жыццё. Каб неяк пратрымацца ў цяжкі пасляваенны час, ён навучыўся майстраваць. Мог зрабіць, напэўна, любую неабходную для сялян прыладу працы. І нас з братам, як сталі падрастаць, усяму вучыў. Паколькі я быў старэйшым, то асноўная работа па гаспадарцы ляжала на мне. Хапала працы і маме, Марыі Паўлаўне. Але тым не менш бацькі не перашкаджалі нам з братам самастойна выбіраць сваё месца ў жыцці. Калі я вучыўся ў старэйшых класах, пазнаёміўся са студэнтамі Гродзенскага сельгас-інстытута. У час вытворчай практыкі яны ўсё лета працавалі ў полі. І так цікава расказвалі пра сваю вучобу, што і мне захацелася паступіць на адзін з факультэтаў іх любімай ВНУ. Выбраў заатэхнію.

8252
У 1967-м, пасля заканчэння вучобы, пачаў працаваць па спецыяльнасці ў Бераставіцкім упраўленні сельскай гаспадаркі. Актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх справах моладзі раёна. Хутка мне прапанавалі работу ў райкаме камсамола. Адтуль накіравалі ў абласны камітэт камсамола. Час быў цікавы, успамінаю яго з вялікай цеплынёй. Тым больш што мая камсамольская дзейнасць была адзначана медалём “За працоўную адзнаку”.
Калі набраўся вопыту работы з маладымі людзьмі, мне даверылі ўзначаліць арганізацыйны аддзел гарадскога камітэта партыі ў Слоніме. Адтуль паехаў на вучобу ў вышэйшую партыйную школу, пасля якой каля года працаваў інструктарам аддзела арганізацыйна-партыйнай работы ў Гродне.
Вось і ўсё, калі коратка, пра мае шляхі-дарогі да снежня 1981 года – часу, як я прыехаў у Зэльву.
Першыя гады ў Зэльве

8253
– Наш пасёлак невялікі, не тое, што абласны цэнтр. Як прывыкалі?
– Зэльва мне адразу спадабалася. У той перыяд перад пасёлкам адкрываліся вялікія перспектывы. Ішло інтэнсіўнае будаў-ніцтва вадасховішча, на ўсю рэспубліку грымела слава аб міжраённай фабрыцы па вязцы і рамонце трыкатажу, рыхтавалася дакументацыя на газіфікацыю пасёлка… А колькі будавалася аб’ектаў сацкультбыту ды жылых дамоў!.. Не, Зэльва не падалася мне месцам высылкі (смяецца).
– Ваша першае месца працы ў Зэльве – райкам партыі.
– Так, першыя тры гады жыцця ў Зэльве я працаваў другім сакратаром райкама партыі. У мае абавязкі ўваходзіла работа з кадрамі: клопат аб росце радоў камуністаў; падбор іх на розныя пасады; падрыхтоўка пленумаў, сходаў; кантроль за выкананнем рашэнняў як усесаюзных, рэспубліканскіх, так і мясцовых з’ездаў, пленумаў, сходаў; падрыхтоўка розных мерапрыемстваў, сустрэч і г.д. Работа руцінная, на першы погляд, нецікавая. Але яна давала магчымасць знаёміцца з людзьмі. Хіба гэта можа быць нецікавым?
– У той час на кіруючыя пасады вылучалі, як правіла, членаў КПСС. Таму вы, вядома, добра ведалі кіраўнікоў усіх арганізацый, прадпрыемстваў і калгасаў раёна. Вам гэта спа-трэбілася і пазней, калі ўзначалілі Зэльвенскі райвыканкам. А паколькі наш раён сельскагаспадарчы, то і пачнём, мабыць, з кіраўнікоў калгасаў.
– Вельмі складана гэта зрабіць: не пакрыўдзіць нікога, хто заслугоўвае ўдзячных слоў. Пачнём, відаць, з Міхаіла Кісяля і яго “Прагрэса”. Якраз у першы год маёй працы ў раёне “Прагрэс” атрымаў (ужо ў другі раз!) пераходны Чырвоны сцяг Міні-стэрства сельскай гаспадаркі СССР. Так што не зацікавіцца гэтым чалавекам я не мог. Мне імпанавала яго манера работы з людзьмі. Мы, кіраўнікі, не ствараем матэрыяльных даброт, але ад нас залежыць стварэнне атмасферы, у якой матэрыяльныя каштоўнасці робяцца або асэнсавана, з любоўю, або пад прымусам. Міхаіл Іванавіч умеў і спытаць з чалавека, і падтрымаць яго ў патрэбны момант. Такім жа быў і выхадзец з “Прагрэса” Герой Сацыялістычнай Працы А.А.Жамойцін. У 80-я гады ён працаваў намеснікам старшыні калгаса імя Дзяржынскага Л.В.Дудко. Дарэчы, калгас імя Дзяржынскага таксама быў адным з тых, на якія раўняліся астатнія. Такія гаспадарнікі, як М.І.Кісель, Л.В.Дудко, В.І.Будрэвіч, І.С.Рымарчык, Ф.І.Хворык, былі добрымі настаўнікамі для тых спецыялістаў, якія неўзабаве самі станавіліся кіраўнікамі. Так што не толькі мая заслуга ў кар’ерным росце Часлава Бусловіча, Аляксандра Прэдкі, Станіслава Сідоркі, якія працавалі ў “Прагрэсе”, а потым узначалілі адпаведна калгасы “Кастрычнік”, імя Леніна, “Бальшавік”.
Маімі надзейнымі памочнікамі ў райвыканкаме ў той час былі Л.У.Біч, А.У. Карпееў.
Адным словам, мне давялося працаваць з добрасумленнымі і адказнымі людзьмі. Таму і планы па продажы сельгаспрадукцыі дзяржаве мы заўсёды выконвалі і перавыконвалі. У 1989 годзе нас узнагародзілі Дыпломам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, УЦСПС і ЦК УЛКСМ. А гэта – заслуга ўсіх калгасаў і саўгаса (а М.П.Дзянішчык быў адзначаны ордэнам “Знак Пашаны”. – Рэд.). Вельмі прыемна, што і сёння зельвенскія аграрыі высока трымаюць марку вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, асабліва раслінаводчай. За-стаецца пажадаць усім – ад кіраўніцтва раёна да простых працаўнікоў – далейшага поспеху ў такой высакароднай справе.
Зэльва – будаўнічая пляцоўка
– Памятаю даўнюю размову на аўтастанцыі дзвюх жанчын, што гасцілі ў Зэльве і дзяліліся ўражаннямі ад яе: “Нам казалі, што Зэльва – вялікая вёска, а тут столькі шматпавярховых дамоў убачыш…” Міхаіл Паўлавіч, згадзіцеся, што і сапраўды немалое будаўніцтва вялося ў Зэльве ў 80–90-я гады.
– Яно пачалося яшчэ ў 70-я, у 80–90-я – працягвалася. Намеснікамі старшыні райвыканкама па будаўніцтве пры мне працавалі В.П.Вініцкі, потым М.І.Януль. Работа вялася сапраўды вялікая. У 1984 годзе прыступілі да будаў-ніцтва новага корпуса бальніцы на 240 месцаў, якое закончылі ў 1988-м. Напярэдадні 1984-га быў здадзены ў эксплуатацыю новы будынак райспажыўсаюза па вуліцы Савецкай. На вуліцах Пуш-кіна з’явіўся інтэрнат для сем’яў меліяратараў ПМК-35, а на Шапавалава быў ўзведзены 5-павярховы 40-кватэрны дом для работнікаў сельгастэхнікі. Новыя забудовы выраслі і на вуліцы Савецкай. Парадавалі будаўнікі дзяцей і бацькоў, запланаваўшы, а потым ажыццявіўшы будаўніцтва новых садка і школы ў г.п.Зэльва. У кастрычніку 1986 года быў уведзены ў эксплуатацыю міжкалгасны піянерскі лагер “Блакітная хваля”, і з лета 87-га ў чароўным куточку Зэльвеншчыны пачалі набірацца сіл школьнікі не толькі нашага, але і суседніх раёнаў.
Не заставаліся ў баку і будаўнікі калгасаў. Гаспадарчым спосабам яны ўзводзілі ў вёсках садкі, школы, клубы, сталовыя, комплексы для свіней і кароў. Цэлыя вуліцы добраўпарадкаваных дамоў з’явіліся ў Славацічах, Князеве, Ялуцавічах.
Работа з ветэранамі вайны
– У гады вашай працы ў раёне было яшчэ шмат удзельнікаў вайны. Што рабілася для іх і патрыятычнага выхавання падрастаючых зэльвенцаў?
– У 80-я гады ветэраны былі яшчэ надзвычай актыўнымі і ў прафесійным, і ў грамадскім жыцці раёна. Як і зараз, 9 мая, 3 і 12 ліпеня мы арганізоўвалі ўрачыстасці, ушаноўвалі тых, хто адстаяў для нас мір і свабоду. А ў штодзённым жыцці выканкамы сельсаветаў, установы адукацыі і культуры клапаціліся, каб ніводзін удзельнік вайны не быў абдзелены ўвагай. Маімі надзейнымі памочнікамі былі старшыні сельсаветаў С.М.Мікуцік, М.У.
Санукевіч, Я.М.Ляута, М.А.
Бусько, А.М.Пачабыт, І.І.Шэйка, П.М.Дарашэнка.
Кожны сельсавет адказваў не толькі за дабрабыт сваіх ветэранаў, але і за сем’і загінуўшых у гады вайны, якіх таксама было нямала. За кожнай школай былі замацаваны помнікі загінулым, і дзеці з настаўнікамі сачылі за іх станам, добраўпарадкоўвалі тэрыторыю вакол іх. Гэта добрая справа працягваецца і сёння.
9 мая 1985 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новага помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны воінам і партызанам. З той пары кожнага зэльвенца ў самыя ўрачыстыя моманты свята сустракаюць Салдат, Партызан і іх Маці. Над узвядзеннем мемарыяла працавалі будаўнікі МПМК-70.
Нярэдкімі былі сустрэчы з блізкімі людзьмі загінуўшых за вызваленне Зэльвеншчыны салдат і афіцэраў. Так, у 1984-м і 1985-м на святкаванне 9 Мая да нас прыязджалі родныя Я.І.Саўчука і М.І.Атавіна. Вельмі памятнай для мяне была сустрэча з партызанам-французам Ляонам Эйерам. Мы сустракалі яго, жонку і дачку, названую ў гонар беларускай партызанкі нязвыклым для французаў імем – Соня, у Зэльве і Востраве, дзе жылі тыя, з кім ваяваў ён у брыгадзе П.І.Булака.
Трывожныя
і балючыя 90-я
– З 1991 і да 2003 года вы ўзначальвалі раённы Савет
дэпутатаў. Складаны быў час. Многія згадваюць яго з неахвотай. Як вам тады працавалася?
– Цяжка, як і ўсім. Але, памятаю, што адчування безнадзейнасці не было. Па-ранейшаму мы многа працавалі, выконвалі намечанае. Радаваліся, што маладое пакаленне адраджае гістарычную памяць народа, што ўсё большую вагу ў жыцці людзей маюць духоўныя каштоўнасці. Людзі актыўна ўзнаўлялі занядбалыя за гады атэізму храмы, шукалі ісціну, не апускалі рук у складаных сітуацыях.
Сямейныя радасці
– Міхаіл Паўлавіч, па вашым настроі бачна, што вы задаволены жыццём. І на пенсіі не ся-дзіце склаўшы рукі: вунь колькі мэблі зрабілі.
– Лідзія Лявонцьеўна ўжо па-спела пахваліцца? Сядзець без справы не ўмею, вось і знаходжу занятак для сябе, і для дзяцей нешта майструю. І калі дом будавалі, прыйшоўшы з працы дапамагаў майстрам усім, чым мог.
– Ведаю, што ў вас з Лідзіяй Лявонцьеўнай дзве дачушкі. А колькі ўнукаў?
– Унукаў трое. Старэйшы ўжо вучыцца ва ўніверсітэце. Так што мы з жонкай шчаслівыя і ў дзецях, і ва ўнуках. І ў тым, што Зэльва стала нам роднай, а зэльвенцы – блізкімі і дарагімі людзьмі.
– Сардэчна віншуем вас з надыходзячым юбілейным днём нараджэння. Жадаем і надалей такой жа актыўнасці, паўнаты жыцця. Няхай радуюць дзеці і ўнукі! Вялікі дзякуй за размову.
– А я дзякую ўсім за памяць, за сумесную працу і прашу прабачэння, што не ўсіх людзей, з кім працаваў, змог назваць. Менавіта яны і ўсё тое, што ўдалося зрабіць на Зэльвеншчыне за сваё жыццё, і трымаюць мяне на гэтай зямлі.
Яніна ШМАТКО.
Фота з архіву М.П.Дзянішчыка.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.