Майстар слова са сваім почыркам

  Пад такой назвай у раённай бібліятэцы прайшоў вечар-партрэт прымеркаваны да 70-годдзя з дня нараджэння Яніны Шматко. Яна добра вядомая на Зэльвеншчыне, як чалавек творчы, таленавіты, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Прыхільнікаў  таленту Яніны Людвікаўны , ды і наогул, сяброў, нямала. Аб гэтым сведчыла шматлікая колькасць людзей, што сабраліся ў чытальнай зале бібліятэкі. Мерапрыемства планавалася на гадзіну, а зацягнулася амаль на дзве – столькі жадаючых было выказаць шчырыя словы ў адрас паважанай юбіляркі. Цёплая і задушэўная размова распачалася ўжо з першых хвілін. А настроіла ўсіх на такі лад вядучая Валянціна Масюк, яна ж і сястра гераіні сустрэчы. А інакш у такім выпадку і быць не магло: хто іншы можа так пранікнёна сказаць пра роднага чалавека?! Знаёмства з юбіляркай як, дарэчы, і ўвесь сцэнарый, праходзіла ў неардынарнай форме. Свой біяграфічны партрэт у выглядзе шматлікіх слайдаў на экране Яніна Шматко каменціравала уласнымі вершаванкамі-рыфмаванкамі. Зроблена гэта было настолькі таленавіта, што яскрава пацвердзіла яе творчы характар.  Бібліятэкар па прафесіі, Яніна Людвікаўна звязала свой лёс з кнігай, з родным словам. З прыемнасцю ўспамінае гады працы ў бібліятэцы СШ №2 г.п.Зэльва. Неяк з нагоды правядзення Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі разам з дырэкцыяй школы запрасіла ў госці паэта-земляка Уладзіміра Мазго. З той пары ён прыязджае на радзіму кожны год і ўжо не адзін, а з вядомымі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі. Сустрэчы набылі шырокі маштаб і перараслі ў раённае свята “Зэльвенскія Сакавіны”. Асаблівай і даволі значнай старонкай у сваім жыцці лічыць Яніна Шматко супрацоўніцтва з раённай газетай “Праца”, якое доўжыцца з 80-х гадоў мінулага стагоддзя па сённяшні час. Яна піша артыкулы пра знакамітых землякоў, людзей працы, сямейныя традыцыі. З-пад пяра Яніны Людвікаўны выходзяць не проста біяграфіі. Ёй дадзены талент падмячаць у чалавеку самае істотнае, таму і чытаюцца яе матэрыялы як сапраўдныя мастацкія творы. Шмат удзячных слоў за сына — вядомага архітэктара, пра якога даведаліся зэльвенцы пасля публікацыі ў газеце, гаварыла Яніне Шматко Людміла Шышко. Дарэчы, сярод прысутных на сустрэчы было нямала людзей, якія ў розны час з’яўляліся героямі артыкулаў юбіляркі. Удала даследуе яна гісторыі вёсак нашага раёна, якія чытачы знаходзяць пад рубрыкай “На карце Зэльвеншчыны”. Варта адзначыць, што па прапанове Яніны Людвікаўны ў газеце з’явілася шмат змястоўных рубрык, сярод якіх  ”Гісторыя ў асобах”, “Наша суразмоўца”, “Сустрэнемся зноў”, “Малюся Слову”. Доўгі час яна ўзначальвала літаратурнае аб’яднанне “Зоры над Зальвянкай”, рэгулярна рыхтавала да друку старонкі з паэтычнымі творамі землякоў, адкрыла нямала новых маладых, і не толькі, імён. Павіншаваць калегу па пяру і проста сяброўку прыйшлі Лілія Лукашонак, Алена Кароза, Ала Вілесава, а таксама члены клубаў. З нагоды юбілею Яніны Шматко, як адной з самых актыўных членаў аматарскага аб’яднання “Восень жыцця”, работнікі бібліятэкі па матэрыялах раённай газеты выдалі яе чарговы зборнік пад назвай “Сагрэць душу другому”.  Прыемны падарунак падрыхтаваў юбілярцы і цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пры якім яна ўзначальвае літаратурны клуб “Малюся Слову”. У зборніку адлюстравана шматгранная актыўная дзейнасць людзей сталага ўзросту, трапна падмечаная Янінай Шматко. У час святочнай імпрэзы адбылася прэзентацыя гэтых двух выданняў.   Раздзяліць радасць сустрэчы з юбіляркай прыйшлі яе сваякі. А як вядома з публікацыі пад назвай “Нашчадкі Міхася Чарневіча”, што выйшла ў “Працы” у 2015 годзе, іх вельмі шмат. Яніне Людвікаўне, якая даўно марыла сабраць, пазнаёміць і аб’яднаць прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў свойго роду, удалося ажыццявіць сваю задуму. У выніку шэсць пакаленняў, а гэта 300 імён, было запісана ў радавое дрэва. Таццяна Яскевіч і Яніна Цяслоўская ад усёй душы зычылі сваячцы моцнага здарояў, дзякавалі яе за добрае сэрца, няўрымслівы характар. Сустрэча закончылася, а юбілярка яшчэ доўга прымала віншаванні і самыя шчырыя пажаданні. Дзякуй вам за добрыя словы, За спагаду, падтрымку ва ўсім! Абяцаю: любой парою З добрым словам буду спяшыць!
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.