Члены клуба «Малюся Слову» паставілі сцэну з камедыі купалаўскіх «Прымакоў»

Да ліпеньскага пасяджэння клуба “Малюся Слову” цэнтра сацыяльнага абслу-гоўвання насельніцтва яго ўдзельнікі рыхтаваліся асабліва старанна. І яно зразумела: прысвячалася пасяджэнне народнаму песняру Янку Купалу, яго 135-гадоваму юбілею. Большасці членаў клуба Купала вядомы як паэт, а вось як драматург – не вельмі. Таму вырашылі засяродзіць увагу на драматургіі юбіляра. І не проста ўзнавіць у памяці п’есы песняра, а ўвасобіць на сцэне што-небудзь з яго твораў. Вядома, ні на “Раскіданае гняздо”, ні на “Тутэйшых” не замахваліся, а вось на камедыі ўвагу звярнулі. Вельмі спакусліва было папрацаваць над “Паўлінкай”. Тым болей што ў зборы твораў Купалы знайшлі рэдкі фотаздымак з в. Вострава нашага раёна, дзе ў 20-х гадах XX стагоддзя была пастаўлена знакамітая камедыя. Але, узважыўшы магчымасці людзей пенсійнага ўзросту, рызыкаваць не сталі. А вось вадэвіль “Прымакі” не напалохаў. Узялі дзве апошнія з’явы з яго, каб гледачам усё было зразумела, ды і самадзейныя артысты змаглі справіцца з ролямі. Асаблівых цяжкасцей з пастаноўкай не было, хіба толькі адсутнасць у клубе мужчын. Герояў-мужчын у вадэвілі пяць, а ў нас толькі адзін Міхаіл Пазнанскі. Давялося жанчынам станавіцца Максімам, Мацейкам, соцкім ды ўраднікам. Старанна вучылі ролі, у час рэпетыцый прыслухваліся да парад кіраўніка аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту   Наталлі Глушэні і выканаўцы ролі Мацейкі Марыі Кукаловіч. Марыя Пятроўна ў мінулым – культработнік, добра ведае рэжысуру, вось і дапамагала Наталлі Сяргееўне. Ды і самі выканаўцы роляў, добра азнаёміўшыся з пікантнай сітуацыяй, у якой апынуліся кумы-суседзі пасля святкавання Сёмухі ў манапольцы, змаглі ў хуткім часе прапанаваць нешта сваё. Ролі ад рэпетыцыі да рэпетыцыі ажывалі, напаўняліся той лёгкасцю і віртуознасцю, што не бачна гледачам, але няпроста даецца выканаўцам. Даводзілася і ў энцыклапедыі заглядваць, і ў слоўнікі, бо многае, што было само сабой зразумелым яшчэ гадоў 50 назад, сёння – напаўзабытае. “Нячысцік”, “кавалерчык”, “варопаўка”, “шэльма”, “язычніца”, “цнотка”, “ахмістрыня”, “сухая пятніца”, “мокрая серада” – гэтыя словы, падслуханыя Янкам Купалам у асяроддзі сялян, не толькі не абражаюць іх памяць, а напаўняюць гонарам за незласлівы нораў людзей, што ўмелі абысціся без брыдкай  лаянкі, і тым не менш адстаяць сваю годнасць трапна, арыгінальна, павучальна. Гледачы вельмі цёпла прынялі версію пенсіянераў-артыстаў, горача апладзіравалі выканаўцам як жаночых, так і мужчынскіх роляў Алене Еўдакімавай, Алене Пайзулаевай, Яўгеніі Ганчарэнка, Міхаілу Пазнанскаму, Марыі Кукаловіч, Ганне Бараннік, Яніне Шматко і Еве Артуравай. Вельмі дапамог самадзейным артыстам і Пётр Кукаловіч, бо, як памятаюць знаўцы “Прымакоў”, падчас прымірэння герояў ім музыка была проста неабходна. Другую частку пасяджэння аздобілі сваімі выступленнямі Галіна Тарасік і Станіслава Прызван. Напярэдадні пасяджэння клуба даведаліся, што літаральна на два дні прыехала да бацькоў з далёкай Днепрапятроўшчыны знаёмая ўсім па публікацыях у “Працы” ўраджэнка Угрыні Галіна Тарасік. Адна справа чытаць яе вершы і зусім іншая – чуць творы ў выкананні самога аўтара. І Галіна Яўгенаўна не адмовіла нам у сустрэчы з ёю. Гучалі вершы пра родную вёску, бацькоў і сясцёр, матуль (сваю і мужа), дарагіх настаўнікаў. Кожны верш-прысвячэнне аўтар коратка каменціравала. Прысутныя дзякавалі Галіне Яўгенаўне сваімі вершамі і песнямі. Пётр Кукаловіч дапамог выканаць свое-асаблівы гімн нашай зямлячцы – “Угрыньскую Галіну”, створаную некалькі гадоў таму Аленай Кароза. А да гэтай сустрэчы Алена Станіславаўна напісала яшчэ адзін верш, які падарыла зямлячцы. Музычныя падарункі-экспромты гучалі ў выкананні Евы Артуравай і Станіславы Прызван. Сустрэча з Прызван адбылася дзякуючы публікацыі ў “Працы”, адкуль мы і даведаліся аб паспяховым выступленні “залатога голаса” Зэльвеншчыны на “Славянскім базары”. З вялікай цікавасцю слухалі мы расказ спявачкі аб усіх момантах яе пераможнага выступлення, сустрэчах з Ігарам Лучанком і Ядвігай Паплаўскай, іншымі вядомымі ў Беларусі творцамі. Для Станіславы таксама гучалі музычныя падарункі-экспромты. Пётр Кукаловіч імгненна падабраў мелодыю да песні-балады “Помняць людзі”, таго самага твора, што так узрушыў Ігара Лучанка. Дапамог Пётр Уладзіміравіч і дуэту Прызван-Пазнанскі. Адным словам, талентаў на пасяджэнні клуба выявілася столькі, што не хапіла часу выказацца ўсім. Але наперадзе жнівеньскае пасяджэнне – запрашаем! Яніна Шматко.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.