Былы бібліятэкар Ганна Канановіч-Гураль – кнігалюб і кнігазнавец

8994

Пра бібліятэкі раёна 70-х – пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя лепш за Ганну Канановіч-Гураль наўрад ці хто ведае. Менавіта яна тады была галоўным бібліятэкарам Зэльвеншчыны. З ёю мы сустрэліся напярэдадні Дня работнікаў культуры і ўспомнілі пра тыя вельмі важныя для развіцця бібліятэчнай справы раёна гады.

Дзяўчына з Марачоў

Нарадзілася Ганна Канановіч у Марачах у працавітых і любячых бацькоў: Браніслава Іпалітавіча і Юліі Сільверстаўны,
калгаснікаў тагачаснай “Іскры”. Мама ўвесь час працавала ў паляводстве,
а тата – і ў жывёлагадоўлі, і паляводстве, нават брыгадзірстваваў пэўны час. Аня была малодшай у сям’і, вельмі любіла старэйшых брата і сястру,
старалася ні ў чым не адставаць ад іх. Брат стаў лётчыкам, сястра – настаўніцай, а вось яна – бібліятэкарам, хоць у дзяцінстве
і не марыла аб гэтай прафесіі. Прыйшла да яе, на першы погляд, выпадкова, але, як атрымалася, гэта і быў правільны выбар.
Вучылася Аня ў Бібіцкай базавай, а потым – у Зэльвенскай сярэдняй школах. У Зэльву
ў цёплы перыяд года дабіраліся з сябрамі на веласіпедах, зімою жылі на кватэрах. Водгукі і аб бібіцкіх, і зэльвенскіх настаўніках – самыя цёплыя. “Калі здавала экзамены ў інстытут, – згадвае зараз Ганна Браніславаўна, – успамінала, як настаўнікі тэзісна зама-
цоўвалі з намі матэрыял, і ўсё станавілася зразумелым і простым”.
Калі закончыла сярэднюю школу, Зэльвеншчына якраз была падзелена паміж суседнімі раёнамі: Зэльва належала да Мастоў. Мастоўскі райкам камсамола накіраваў учарашнюю школьніцу ў Залацееўскі клуб-бібліятэку. Праўда, працавала там дзяўчына нядоўга: аддзел культуры заўважыў яе стараннасць і прапанаваў пераехаць у Лунна, прыняць сельскую бібліятэку. Гэта быў складаны ўчастак работы: акрамя стацыянара трэба было абслугоўваць чытачоў 10 перасовачных бібліятэк. Спраўлялася! Дзяўчына ўмела выклікаць прыхільнасць да сваёй справы, зацікавіць добрай кнігай як моладзь, так і старэйшых людзей.
Кнігалюб з дзяцінства, яна захапляла сюжэтамі мастацкай кнігі, выдзяляла
галоўнае ў літаратуры спецыяльнай, прыцягвала ўвагу да дзіцячай кнігі.
З удзячнасцю ўспамінала бібліятэкара з родных Марачоў – Ніну Сямёнаўну Ламека, у якой была не толькі самым актыўным чытачом, але і незаменным памочнікам. Навыкі, атрыманыя ад старэйшай калегі, вельмі спатрэ-біліся ў самастойнай працы.
У Зэльву Ганна вярнулася ўжо студэнткай-завочніцай Мінскага
педінстытута імя М. Танка. Неўзабаве яе прынялі на работу ў бібліятэку парткабінета (раён ужо быў адноўлены і, адпаведна, усе яго структуры). Гэта быў вельмі плённы
перыяд у станаўленні яе не толькі як бібліятэкара, але і як арганізатара. Творчыя здольнасці не засталіся незаўважанымі: калі вызвалілася месца загадчыцы раённай бібліятэкі, прапанавалі ёй узначаліць калектыў. Было страшнавата, але не ў характары Ганны пасаваць перад цяжкасцямі. Узялася за справу ўжо як вопытны спецыяліст: за плячамі – 6 гадоў работы ў розных бібліятэках. На новай
пасадзе патрабавалася добрае веданне псіхалогіі людзей, уменне нацэліць іх на выкананне як бліжэйшых, так і перспектыўных задач. Насельніцтва раёна расло, расла і колькасць новых бібліятэк. Не хапала кваліфікаваных кадраў.
Нярэдка здаралася, што маладая бібліятэкар, спазнаўшы ўсю сутнасць сваіх абавязкаў, старалася хутчэй уцячы з работы. І зноў – перадача кніжнага фонду з адных рук у другія, страта часу і сродкаў, пошукі новага работніка. Вучобе кадраў Ганна Браніславаўна надавала вялікае значэнне. Штоквартальна арганізоўвала трохдзённыя семінары, на базе лепшых бібліятэк – школы-вучобы, выязныя семінары, паказальныя мерапрыемствы… Усё, што ўдалося зрабіць у 1974 – 1976 гады, вельмі спатрэбілася ў 1977-м, калі пачалася цэнтралізацыя бібліятэк.

8995

Галоўная справа жыцця

У пачатку 1977 года Зэльвенская раённая біб-ліятэка была рэарганізавана ў цэнтральную. Пачалася вельмі адказная і даволі складаная работа па стварэнні цэнтралізаванай сістэмы бібліятэк. Для чаго яна была патрэбна? Гэта добра можа зразумець сённяшні ўладальнік камп’ютара, калі ён не падключаны да сеткі інтэрнэт. Вось і тагачасны чытач маленькай сель-скай бібліятэкі не толькі не мог карыстацца фондам больш багатай суседняй бібліятэкі, але і не меў уяўлення, што ўвогуле там ёсць.
Як жа на практыцы аб’яднаць фонды і магчымасці ўсіх бібліятэк? Калі ў бібліятэцы няма каталога, г.зн. пераліку ўсіх кніг у належным парадку, ні пра якую сістэму размова ісці не можа. Каталогі ў папярэднія гады былі створаны. Зараз трэба было зрабіць іх бачнымі, даступнымі для ўсіх карыстальнікаў раёна. Неабходны былі і спецыяльныя штампы.
На адвароце кожнай карткі кожнага алфавітнага каталога (а гэта не адна скрынка!) трэба паставіць гэты штамп, прыехаць у цэнтральную бібліятэку і зверыць з генеральным каталогам свой фонд. Работа ручная, марудная, карпат-лівая, патрабуючая максімальнай акуратнасці і ўвагі. І часу, якога так не хапала. Працавалі не толькі ў рабочыя гадзіны, але і пасля работы, а нярэдка і ў выхадныя дні.
Калі б да цэнтралізацыі не стварылі новы аддзел – камплектавання, выканаць такі вялікі аб’ём работы сіламі трох–чатырох чалавек было б проста немагчыма. Аддзел камплектавання ўзначаліла Марыя Паўлаўна Капылец, жанчына вельмі сумленная і акуратная. Менавіта на ёй ляжала адказнасць за граматнае фарміраванне фондаў бібліятэк, іх улік і пераразмеркаванне. У новы аддзел паступалі кнігі як з бібліятэчнага
калектара, так і з мясцовай кнігарні. Усе яны апра-
цоўваліся па ўсіх правілах новага часу. Сельскі бібліятэкар, атрымліваючы чарговую партыю кніг, ужо ведаў, дзе яшчэ, акрамя яго бібліятэкі, ёсць тая ці іншая кніга, колькі экзэмпляраў атрымала ўся цэнтралізаваная сістэма і ў які раздзел каталога можна ўліць картку на кнігу.
Памочнікі ў Ганны Браніславаўны былі вопытныя. Яна ўмела даверыць ім такую справу, якая б адпавядала іх ведам, характару, уменню працаваць з людзьмі і фондам.
З аддзела камплектавання яна перавяла ў чытальную залу Тамару Уладзіміраўну Кузьміч, пра якую і сёння памятаюць наведвальнікі бібліятэкі той пары. Вельмі эрудыраваная, тактоўная, улюбёная ў бібліятэчную справу
Тамара Уладзіміраўна прыцягвала да сябе і малых, і сталых. Чытальная зала ніколі не пуставала. Тут нярэдка сходзіліся ў дыскусіях вялікія “книгочеи”, моладзь удзельнічала ў літаратурна-музычных кампазіцыях, а старэйшыя “по косточкам” разбіралі нашумеўшую новую кнігу. (Дарэчы, па настойлівай просьбе Ганны Браніславаўны Тамары Уладзіміраўне Кузьміч выдзелілі кватэру ў новым доме).
Заўважыла Ганна Бра-ніславаўна і вялікія здольнасці Марыі Браніславаўны Багдановіч. Марыйка, як любоўна называлі яе калегі, стала віртуозным бібліёграфам. Яна арыентавалася ў даведачным апараце і немалым фон-дзе, як гаспадыня на сваёй кухні. Ніводзін чытач не пакідаў бібліятэку без патрэбнай кнігі, калі яго абслугоўвала Марыйка.
Бібліятэкары аддзела абслугоўвання актыўна выкарыстоўвалі між-бібліятэчны абанемент – МБА, калі завочнікам-студэнтам патрабавалася літаратура, якой маглі падзяліцца толькі абласная ці рэспубліканская бібліятэкі. Загадвала гэтым аддзелам бібліятэкар з вялікім стажам і вопытам Анастасія Фамінічна Мацкевіч. Кніжны фонд для яе быў свяцілішчам, за парадкам якого яна сачыла старанна і няў-хільна.
Вельмі зладжана працавала і дзіцячая бібліятэка на чале з Яўгеніяй Сямёнаўнай Горнай. Бібліятэкары Алена Васільеўна Мартынчык і Алена Эдуардаўна Копаць былі любімымі дарадцамі маленькіх чытачоў, умела вялі сваіх “чамучак” да новых вяршынь ведаў.
У сельскіх бібліятэках таксама працавала нямала адданых справе лю-дзей: у Аляксандраўшчыне – Г.І.Пацалуйка, Бародзічах – Н.П.Смелякова, Аўдзеевічах – А.Ю.Валюк, Марачах – Н.С.Ламека, Падбалоцці – Ч.У.Заяц,Чырвоным Сяле – М.У.Лагута, Славацічах – Т.Ц.Іванова, Ялуцавічах – Л.П.Якімец. Сюды можна было прыязджаць у любы час, прывозіць любую камісію і не баяцца, што бібліятэкары ў нечым спасуюць, падвядуць дырэктара.
Не дзіўна, што Зэльвенская цэнтралізаваная сістэма часта станавілася месцам занальных ці абласных семінараў. Напрыклад, у вобласці вельмі зацікавіліся вопытам абслугоўвання насельніцтва малых вёсак, аддаленых ад стацыянарных бібліятэк. Зэльвенскія бібліятэкары выязджалі ў такія вёскі па спецыяльна распрацаваных маршрутах сумесна з работнікамі раённага Дома культуры. Рыхтавалі літаратурна-
музычныя кампазіцыі, гучныя чытанні, агляды навінак і г.д. Былі “апрабаваны” на сельскіх жыхарах паэмы Я.Коласа “Новая зямля”, ваенная паэзія паэтаў-франтавікоў, урыўкі з кніг Мележа і Шамякіна, шэраг іншай літаратуры. Выезды ў Лаўрыновічы, Варонічы, Барукі былі жаданымі як для вяскоўцаў, так і для бібліятэкараў, бо ўсталяваліся асабліва цёплыя зносіны паміж аднымі і другімі. Культработнікаў чакалі, ім давяралі свае жыццёвыя гісторыі, якія потым умела выкарыстоўваліся на чарговых выездах-сустрэчах. Вопыт абслугоўвання малых вёсак быў абагулены абласной бібліятэкай, а Ганну Браніславаўну з метадыстам запрасілі ў Магілёў на рэспубліканскую нараду бібліятэчных работнікаў.
Цікавасць да кніг у жыхароў 70 – 80 гадоў была вельмі вялікая. Створанае Таварыства аматараў кнігі спрыяла распаўсюджванню лепшай сусветнай класікі. Людзі стаялі ў чэргах на падпіску даведачных кніг і твораў знакамітых пісьменнікаў. Усе бібліятэкары былі самымі актыўнымі членамі Таварыства, а Ганна Браніславаўна і адным з членаў Прэзідыума раённага таварыства. Сумесная праца аб’ядноўвала дырэктара ЦБС і работнікаў кнігарні, дзе Ганна Браніславаўна разам з Марыяй Капылец падбіралі неабходную літаратуру. Там таксама працавалі кампетэнтныя людзі: спачатку Алена Лойка, потым Ала Варац (Кізік).
Згадваючы тыя гады, калегі Ганны Браніславаўны адзначаюць яе вялікую працавітасць, гаспадарлівасць, патрабавальнасць, актыўную жыццёвую
пазіцыю, уменне з найменшымі затратамі дабівацца добрых вынікаў. Неяк падчас самага зеніту цэнтралізацыі ўзнік дэфіцыт каталожных картак. Здавалася б, дробязь? Для недасведчаных людзей, магчыма, і так. А для бібліятэкараў вельмі хвалюючае пытанне. Адсутнасць картак у значнай меры магла паўплываць на якасць абслугоўвання чытачоў. Дырэктар знайшла выйсце. Убачыла ў друкарскім цэху абрэзкі паперы, хуценька збегала ў бібліятэку, прынесла з сабою ўзоры картак і тут жа, дамовіўшыся з кіраўніцтвам, вырашыла праблему.
Вельмі шкадавалі работнікі бібліятэкі, што па стане здароўя іх дырэктар пачала шукаць менш турботную справу. Ведалі, што нялёгка будзе знайсці замену кіраўніку, які не аспрэчвае выслоўе “пад ляжачы камень вада не цячэ”, а ўмела рашчышчае дарогу ад непатрэбных валуноў.

Аздараўленне літаратурай

У канцы 1982 года Ганна Браніславаўна перайшла на працу ў санаторна-лясную школу. Улічваючы спецыфіку ўстановы, актыўна аздараўляла дзяцей літаратурай разам з аматарамі кнігі – выхавацелямі Г.Б.Чарнецкай, А.Л.Лазутай, В.У.Шнэйдар, Ч.І.Свістуном,
выкладчыкам музыкі І.Л.Стругам, завучамі па выхаваўчай рабоце. Выкарыстоўвала ўсе магчымасці, каб пазнаёміць дзяцей з азамі бібліятэчнай граматнасці, дабівалася ўключэння бібліятэчных урокаў у
вучэбную сетку. Заўсёды на высокім узроўні рыхтавала наглядную агітацыю.
І, як вядома, на роднай мове, чаго патрабавала ад іншых работнікаў школы. Дзеці, што прыязджалі на аздараўленне з вялікіх гарадоў і абыякава ставіліся да беларускай мовы, пасля шматлікіх гутарак з бібліятэкарам мянялі свае адносіны да роднага слова. Ганна Браніславаўна любіла паўтараць словы чэшскага вучонага-славіста Йозафа Шафарыка: “Народ, які, разумеючы важнасць роднай мовы для свайго вышэйшага духоўнага жыцця, сам пагар-джае ёй і выракаецца яе, такі народ робіць замах на самога сябе”. І шмат хто з дзяцей быў “сражен на повал” апантанасцю бібліятэкара і нават далучаўся да яе памочнікаў у гэтай справе. І ўвогуле, часта самыя праблемныя дзеці праз сяброўства з бібліятэкай станавіліся найлепшымі памочнікамі Ганны Браніславаўны. Бібліятэкар мела шмат грамадскіх даручэнняў: калегі былі ўпэўнены, што ўсё выканае без нараканняў і амбіцый.
Больш за 20 гадоў ад-працавала яна ў гэтай навучальнай установе, пакінула пасля сябе добрую памяць у вучняў і педагагічнага калектыву.
Сям’я Ганна Браніславаўна з мужам выгадавалі траіх дзяцей: дапамаглі ўсім атрымаць вышэйшую адукацыю, жанілі сына, аддалі замуж дачушак, удзельнічаюць у выхаванні ўнукаў. Жанна стала педагогам, Марына – урачом, а Сяргей – інжынерам-электрыкам. Аб добрасумленных адносінах да працы дзяцей Ганны Браніславаўны зэльвенцы могуць меркаваць па старэйшай дачцы – Жанне Мікалаеўне Сліж, якая даўно і плённа кіруе Зэльвенскай санаторнай школай-інтэрнатам (Марына і Сяргей працуюць на Міншчыне).
Нямала жыццёвых праблем давялося і даво-дзіцца вырашаць Ганне Браніславаўне. Але яна не траціць аптымізму, бо жыве з верай. У Бога і людзей, з якімі працавала і зараз знаходзіцца побач.
Яніна Шматко.
Фота Аляксандра Раманоўскага і з сямейнага архіву Г.Б.Гураль.

8994

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.