Экалогiя для дашкалят

IMG_7214 У Бародзіцкім дзіцячым садзе-пачатковай школе вялікае значэнне надаецца фарміраванню ў выхаванцаў асноў экалагічнай культуры. Педагогі актыўна далучаюць хлопчыкаў і дзяўчынак да практычнай дзейнасці на карысць прыроды, укараняюць цікавыя формы работы. Дзеці з ранняга ўзросту вучацца не проста назіраць за прыродай, а заўважаць, якія змены адбываюцца ў ёй у розныя поры года. Экалагічныя таямніцы спасцігаюць у час тэматычных і практычных заняткаў, экскурсій і прагулак па наваколлі. Хлопчыкам і дзяўчынкам вельмі падабаецца даследаваць з’явы прыроды, жыццё насякомых і птушак. У час тэматычных заняткаў дзеці спасцігаюць веды аб жыцці раслін і жывёл, асвойваюць навыкі догляду за кветкамі. З цікавасцю ўключаюцца ў экалагічныя гульні “Дзе куст, а дзе дрэва”, “Знайдзі адрозненне ў лістах дрэў і кустоў” і іншыя, праз якія вучацца правільным зносінам з прыродай. Асабліва спрыяльныя для засваення экалагічнай граматы летнія месяцы. На тэрыторыі нашай установы створаны цудоўныя жывыя куточкі для адпачынку і назіранняў за прыродай. У час прагулак дашкольнікі атрымліваюць шмат новых ведаў, уражанняў і станоўчых эмоцый. Узбагачаюцца веды пра навакольны свет і праз эксперыментальную дзейнасць. Займаючыся ў гуртках, дзеці авалодваюць навыкамі пошукавай работы, з дапамогай якой пазнаюць таямніцы прыроды. Так, у час эксперыментаў з вадой і пяском замацоўваюцца ўяўленні пра іх асноўныя ўласцівасці, развіваецца дробная маторыка, мысленне і іншыя псіхічныя працэсы. Напрыклад, у час гульні “Якія прадметы трымаюцца на вадзе?” дзеці вывучаюць уласцівасці лёгкіх і цяжкіх прадметаў, вучацца рабіць вывады. Гульня “Друкаванне на вадзе” дазваляе замацаваць уяўленні пра ўласцівасці мокрага пяску, развіваць па-знавальную і творчую актыўнасць. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем вы-кладваюць фігуры з прыроднага матэрыялу на сырым пяску, будуюць замкі, ствараюць казачныя сюжэты. Такія заняткі развіваюць мастацка-эстэтычнае ўспрыняцце. У рабоце па экалагічным выхаванні дашкольнікаў педагогі ўстановы актыўна выкарыстоўваюць экскурсіі на раку, у парк, бібліятэку, па вуліцах аграгарадка. Назіраючы за прыродай, дзеці вучацца рабіць самастойныя вывады: чаму нельга раскідваць смецце, таптаць кветкі на клумбах, ламаць галінкі дрэў. Нашы выхаванцы вельмі любяць розныя экалагічныя святы і забавы. Цікава праходзяць гульнёвыя праграмы “Прырода і мы”, віктарына “Знаўцы прыроды”, спартыўныя святы “Турысты – сябры прыроды”. Любая дзейнасць дзяцей суправаджаецца развучваннем вершаў на экалагічную тэматыку. Экалагічнае выхаванне не абмяжоўваецца знаходжаннем дзяцей у дашкольнай установе. На выхадныя яны атрымліваюць заданні разам з бацькамі зрабіць на конкурс выраб з прыроднага матэрыялу, намаляваць малюнак, вывучыць верш. Дзяцей неабходна прывучаць глядзець на навакольны свет добрымі вачамі і з адкрытым сэрцам, тады можна будзе спадзявацца, што ні адзін выпускнік дзіцячага сада не разбурыць мурашнік, гняздо птушкі, не зламае галінку дрэва. Мы імкнёмся данесці да нашых падапечных любоў да ўсяго жывога на зямлі, навучыць бачыць і адчуваць прыгажосць роднай прыроды. Лідзія ПАТАПОВІЧ, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Бародзіцкага дзіцячага сада-пачатковай школы.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.