Добрыя навiны ад паштальёна Iрыны

2285 За 16 гадоў працы ў Князеўскім аддзяленні паштовай сувязі Зэльвенскага РВПС Ірына Мінаш для вяскоўцаў стала роднай. Заўсёды ветлівая і ўважлівая, умее знайсці падыход да кожнага чалавека: усё цярпліва растлумачыць, хутка абслужыць і абавязкова падорыць усмешку, якая гэтай мілай жанчыне асабліва пасуе. Адрасаты яе любяць і шануюць, а яна шчаслівая, што робіць іх жыццё больш зручным і камфортным. Паштальёнам Ірына Іосіфаўна стала, можна сказаць, выпадкова. Працавала ў Самаравіцкім цэху маспашыву. Пасля яго закрыцця давялося змяніць рабочае месца. Так уладкавалася ў сельскае аддзяленне паштовай сувязі. Паступова асвойвала прафесію, набывала вопыт. Абслугоўвае жанчына два населеныя пункты – Князева і Самаравічы. Падчас падпісных кампаній стараецца завітаць у кожны дом, каб выпісаць вяскоўцам іх любімыя газеты і часопісы. І пажылыя, і тыя, хто маладзей, паспелі ацаніць добразычлівасць, тактоўнасць і паважлівыя адносіны Ірыны Мінаш. Сумка паштальёна ніколі не бывае пустой. А вяскоўцы наконт гэтага жартуюць, маўляў, чым яна цяжэйшая, тым больш добрых навін нясе Ірына. Акрамя дастаўкі перыядычных выданняў, паштовых адпраўленняў і пенсій Ірына Іосіфаўна прапануе купіць канверты, маркі, паштоўкі, латарэі. А яшчэ прымае плацяжы. І, канешне, заўсёды дорыць добрае слова, ад якога ў адзінокага чалавека цяплее на душы. Вяскоўцы сустракаюць паштальёна яшчэ на вуліцы, цікавяцца, што новага надрукавана ў чарговых нумарах. Жыхарцы Самаравіч Тарэзе Капыловіч, напрыклад, вельмі падабаецца “Праца”. “Раёнцы” жанчына аддае перавагу ўжо з дзясятак гадоў і адзначае, што ў ёй заўсёды можна знайсці цікавыя артыкулы. Таму чытае яе з першай да апошняй старонкі. “Тут можна даведацца пра нашы мясцовыя навіны, – гаворыць Тарэза Мар’янаўна. – Асабліва падабаюцца замалёўкі пра людзей”. Дарэчы, калектыў рэдакцыі вельмі ўдзячны Ірыне Іосіфаўне за цеснае супрацоўніц-тва: колькасць падпісчыкаў на раённую газету ў яе не змяншаецца. Ірына Мінаш шчыра любіць сваю прафесію. Кожную раніцу спяшаецца на пошту, каб паспець у час разнесці ўсю карэспандэнцыю адрасатам. А вечарам стомленая, але задаволеная, вяртаецца дамоў. Да сям’і, у якой пануе мір і гармонія. Наталля Мацюк.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.