Рождественскими вечерами на сельских улицах звучали народные песни и юморески

Калядным вечарам і на вясковых вуліцах гучалі народныя песні, гумарэскі. Гэта работнікі сектара па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў аддаленых і маланаселеных пунктаў вырашылі аднавіць абрад шчадравання. Пайшлі, як кажуць, у народ.
Здалёк заўважыўшы калядоўшчыкаў, жыхары в.Варонічы пачалі выходзіць з дамоў – даўно ў іх не шчадравалі. Козачка, наскакаўшыся, падала як нежывая, пакуль яе не прыводзілі ў прытомнасць шчодрымі сялянскімі пачастункамі. Мядзведзь, ледзь паварочваючыся, паказваў, які ён дужы… Будучы лёс жадаючым прадказвала цыганка. Як толькі іграў акардэаніст, вяскоўцы пускаліся ў скокі.
–Мы таксама ў маладосці калядаванне ладзілі, – успамінае Марыя Жылінская. – Збіраліся з сябрамі, кажухі выварочвалі, пераапраналіся і ішлі да ўсіх праваслаўных. Але гэта ўжо на Стары Новы год.
– Праўда, бывала, не ўсе гаспадары нам адчынялі, – далучаецца да гутаркі Ніна Міціна. – З такімі размова была кароткая. Вяроўкай дзверы завязвалі, каб ранкам выйсці ніхто не мог, комін затыкалі, каб дым у хату ішоў. Нават дровы кралі ў суседзяў. У нашай вёсцы адзінокая бабуля жыла. Дык мы яе палівам на ўсю зіму забяспечвалі.
У в.Снежная шчадроўшчыкаў сустракалі каля мясцовага мага-зіна:
– Як добра, што вы да нас пры-ехалі. Вернемся ў сваю маладосць.
Старажылы расказалі, як раней адзначалі Каляды. Прыбіралі хату, аздаблялі яе самаробнымі ўпрыгожваннямі, рабілі, калі быў па-трэбны, рамонт усіх гаспадарчых будынкаў на падворку. Стараліся набыць новае адзенне, абавязкова памыцца ў лазні.
–Шмат у нас моладзі было, – прыгадвае Ядвіга Іскра. – Ды ўсе такія галасістыя! Збяромся, бывала, разам, хлопцы з дзеўкамі, возьмем гарманіста – і пайшлі па хатах. Неба такое зорнае, пад нагамі снег скрыпіць… Падыдзем пад вокны і слухаем, што ў доме гавораць: калі “стой” ці “сядзь” – значыць, замуж у гэтым годзе не пойдзеш, калі ж “ідзі”, “бяжы” – чакай хуткага замужжа. Ніхто, вядома, гэта ўсур’ёз не ўспрымаў. Хутчэй, дзеля забавы.
– А як некалі варажылі! – расказвае Марыя Палховіч. – І боты праз дах кідалі, і штыкетнік абдымалі, і паперкі з імёнамі хлопцаў пад падушкі клалі. Усяго і не ўспомніш.
– Шчодры-шчодры, вечар добры! – віталі калядоўшчыкі Марыю Роўгач з дачкой Таццянай з в.Дарагабушка. Хутка ў хаце сабраліся і суседкі. Пайшлі ўспаміны. Жанчыны прыгадалі выпадак з дровамі, якія ў маладосці кралі ў аднаго мужчыны менавіта на Каляды. Аднойчы той вырашыў правучыць злодзея. Зрабіў у дровах дзіркі і насыпаў туды пораху. Як дровы трапілі ў печ, порах узарваўся. Вось так усё і выкрылася.
–Традыцыі ў многім падобныя, аднак ёсць свае адметнасці ў кожнай мясцовасці, – адзначае Марыя Роўгач. – Напрыклад, у Свіслачы, адкуль я родам, калі хлопец хадзіў да дзеўкі, шчадроўшчыкі дарогу ад аднаго дома да другога высыпалі попелам. А ў дзень святога Андрэя, 13 снежня, мы ламалі вішнёвыя галінкі і ставілі ў ваду. Да Раства яны павінны былі расцвісці. Вось кавалер маёй суседкі зламаў галінку і панёс яе дамоў, ні з кім не размаўляючы па дарозе. Дык той ноччу яе прысніў. Ці ж не прадказанне лёсу?!
…Падарыўшы гасцінным гаспадарам шмат пажаданняў на будучы год, шчадроўшчыкі дружным гуртам пакрочылі далей па вясковай вуліцы.
Наталля МАЦЮК.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.