Чым жывеш, аграгарадок?

Пры самай трасе “Зэльва – Ружаны”, ахінуўшыся з аднаго боку зялёным хваёвым лесам, з другога – блакітам зэльвенскага вадасховішча, стаіць аграгарадок Каралін. З узгорка, на якім прыпыніцца кожнаму госцю раяць мясцовыя жыхары, населены пункт бачыцца як на далоні. Інфраструктура – капітальна адрамантаваныя грамадскія будынкі і ўстановы сферы абслугоўвання насельніцтва, індывідуальныя жылыя дамы, асфальтаваныя вуліцы – стваралася больш чым дзесяць гадоў таму. Дзякуючы клопату і руплівай працы каралінцаў усюды падтрымліваецца чысціня і парадак. – Шчыра кажучы, – прызнаюцца Анатоль і Таццяна Мазалі, якія першымі сустрэліся на нашым шляху, – пра сваё мястэчка можам гаварыць бясконца. Справа ў тым, што тут мы стварылі сям’ю, атрымалі дом, выгадавалі дзяцей, якія хоць і раз’ехаліся, але вельмі любяць наведваць Каралін. Добра памятаем, як у нашым населеным пункце паверх брусчаткі пачалі класці асфальт, як будаўнікі падганялі цагліну да цагліны – і вырасталі вуліцы з адна- і двухкватэрнымі дамамі. У выніку больш чым 30 сем’яў атрымалі добраўпарадкаванае жыллё. Дзякуючы інтэрнату, пабудаванаму па Дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця вёскі, у сельскай галіне застаюцца працаваць маладыя спецыялісты. Добрыя ўмовы створаны і для пенсіянераў. Прыблізна ў сотні крокаў – комплексны прыёмны пункт прадпрыемства бытавога абслугоўвання, сацыяльны пункт цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе можна зрабіць заказ на пашыў адзення, адрамантаваць вопратку, абутак, скарыстацца паслугамі хімчысткі, а таксама нядорага памыць і папрасаваць адзенне ці бялізну і нават падстрыг-чыся. – Я 22 гады адпрацавала ў сацыяльнай сферы, – прадаўжае Таццяна Сцяпанаўна, – і магу сказаць, што пажылыя людзі ў нас не абдзелены ўвагай. Жыццёвыя пытанні па меры магчымасці вырашаюцца кіраўнікамі сельгаспрадпрыемства і сельвыканкама, актыўнасць праяўляе дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў Ірына Марцінчык. З ахвотай Ірына Мікалаеўна, на вачах якой вёска ператваралася ў аграгарадок, бярэ на сябе ролю экскурсавода і працягвае знаёміць нас з мясцовымі славутасцямі і людзьмі. Ужо на правах вясковага старасты. А яшчэ, маючы непасрэднае дачыненне да вывучэння гісторыі населенага пункта, у якасці бібліятэкара сельскай бібліятэкі. – Каралін заўсёды быў вялікай вёскай, – згадвае яго гісторыю Ірына Марцінчык. – У мінулыя стагоддзі маёнтак належаў магнатам Вялікага княства Літоўскага князям Сапегам. У пачатку XVIII стагоддзя землі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. Нацярпеліся яе жыхары ў гады акупацыі 1915 года, а затым ў 1919 – 1920 гг., калі былі захоплены белапольскімі войскамі, шмат давялося перажыць, увайшоўшы ў склад Заходняй Беларусі. У гады Вялікай Айчыннай вайны вёска была спалена нямецка-фашысцкімі захопнікамі, з палёў бою не вярнуліся амаль 30 каралінцаў. У знак ушанавання памяці аб загінуўшых земляках на брацкай магіле ў 1969 го-дзе ўстаноўлены абеліск. Даглядаюць за помнікам вучні мясцовай школы – гэтая традыцыя перадаецца з пакалення ў пакаленне. Наогул, каралінскія падлеткі вылучаюцца працавітасцю і гатовыя на добрыя ўчынкі: яны не супраць і агарод прапалоць старэнькай бабулі, дровы ці брыкет дапамагчы паскладаць, ці проста навесці парадак на прысядзібным участку. Хапае ў іх часу і на вольны адпачынак, удзел у культурна-масавых мерапрыемствах. Адпраўляемся ў школу. Дзетвара, абганяючы адзін аднаго, выбягае нам насустрач. Хоць і закончыўся ўжо навучальны год, тым не менш, установа не пустуе. Вучні з задавальненнем бавяць час у аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем, у лагеры працы і адпачынку. Згодна з праграмай, тут прадугледжаны ўсе ўмовы для плённай працы і пазнавальнага правядзення вольнага часу. Запланаваны таксама цікавыя падарожжы не толькі па родных мясцінах, але і наогул па Гродзеншчыне ў турысцка-краязнаўчым перасовачным лагеры. Апроч таго, у летні перыяд працуюць стадыён, пляцоўка і спартыўная зала, якія ў мясцовага насельніцтва карыстаюцца вялікім попытам. І ў дзень нашага прыезду яны не пуставалі: бацькі з хлопчыкамі гулялі ў футбол, дзяўчынкі займаліся гімнастыкай. –Нашы вучні не толькі прыхільнікі здаровага ладу жыцця, яны таленавітыя і адказныя, – расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Каралінскай СШ Валянціна Шэйка. – Спадзяёмся, што вынікі і сёлетняй здачы адзінаццацікласнікамі ЦТ не будуць ніжэйшымі, чым у мінулыя гады. Напрыклад, у 2016 годзе 60 працэнтаў нашых вучняў сталі студэнтамі БДУ і Гро-дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы. Два гады таму палова каралінскіх вучняў села за парты аўдыторый вышэйшых навучальных устаноў. Многія бацькі могуць ганарыцца сваімі дзецьмі: яны ў ліку пераможцаў абласных алімпіяд па вучэбных прадметах, творчых і спартыўных конкурсаў. Наша зямлячка Аляксандра Кіцун занесена на раённую Дошку гонару «Юные. Талантливые. Успешные». Калі ж гаварыць аб матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні школы, у 2004 годзе ва ўстанове распачаўся капітальны рамонт. Пабудавана прасторная спартыўная зала, двухпавярховы будынак, у якім размясціліся 8 вучэбных класаў, бібліятэка, піянерскі пакой, музей, які пастаянна папаўняецца цікавымі экспазіцыямі. Заслугоўвае ўвагі і мясцовы Дом культуры (зараз – аддзел па арганізацыі культурна-досугавай дзейнасці жыхароў аграгарадка Каралін). Тут праводзяцца заняткі ў гуртках і аб’яднаннях па інтарэсах, працуюць клуб выхаднога дня, гурток сольных спеваў, арганізуюцца вечары адпачынку і канцэрты. А чаго толькі варты знакаміты на ўсю Гродзеншчыну ўзорны калектыў “Кашалёўская скарбонка”! Загадчыца аддзела Лідзія Кіслая, чалавек творчы і вельмі ўлюбёны ў сваю справу, стараецца зрабіць культурны адпачынак вяскоўцаў цікавым і насычаным. –Не толькі каралінскія, але і кашалёўскія падлеткі ахвотна ўдзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах, – тлумачыць Лідзія Міхайлаўна. – Першыя артысты на сяле – дзеці з сем’яў Дзеравяннік, Колбік, Мышэйка, сямейны калектыў Перавалавых, а таксама члены аматарскага аб’яднання “Вытокі”, у які ўваходзіць 12 чалавек. – А якая выгода дзецям і бацькам ад таго, што ва ўстанове культуры працуюць музычныя класы, – гаворыць каралінская жыхарка Ірына Чарняк. – Школьнікам не трэба ездзіць у райцэнтр, каб вучыцца ігры на фартэпіяна, баяне ці акардэоне. Заняткі тут праходзяць амаль кожны дзень. – Увогуле, як жывецца ў аграгарадку вяскоўцам? – цікавім-ся ў субяседніцы. – Вельмі добра, – без хітрасці ў голасе адказала жанчына. – Мы з мужам ужо на пенсіі. У нашым доме ёсць водаправод і газ. Маем магчымасць вырошчваць для сябе агародніну і садавіну, трымаем жывёлу. Акрамя таго, у нас ёсць цудоўная лазня. Працуе кожную суботу з 10 раніцы да 22 гадзін вечара. Прыязджайце, калі маеце ахвоту, не пашкадуеце! Па словах касіра Ірыны Касавец, каралінская лазня ўжо больш чым 10 гадоў карыстаецца попытам як у мясцовых жыхароў, так і прыезджых. У выхадны дзень бывае па 20, а іншы раз і больш чалавек. Кошт паслугі – 4 рублі 50 капеек. Ёсць у Караліне магазін, які поўнасцю задавальняе спажывецкія патрэбы мясцовых пакупнікоў. – Працуюць пошта, ашчадная каса, ФАП, – заўважае стараста Ірына Марцінчык. – Праўда, у апошні час скарэкціраваны рэжым іх работы. Але каралінцы ўжо прызвычаіліся да гэтага. …Як толькі стала вечарэць, на вуліцах з’явіліся цэлыя сем’і на веласіпедах, моладзь стала на ролікі, выйшлі прагуляцца бабулі з маленькімі ўнукамі, дзе-нідзе на падворках нават загучала музыка. – Гэта звычайны ўклад жыцця каралінцаў, – гаворыць Алена Абуховіч, якая пераехала жыць у аграгарадок з Казахстана. – Такіх добразычлівых людзей і такую прыроду трэба яшчэ пашукаць. Сюды прыязджаюць спачатку ў госці, а потым, аблюбаваўшы мясціны, і наогул жыць. Людміла ПОПКА.  
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.