Старажыла нашага раёна — Надзея Валадашчык

Жыхарка Зэльвеншчыны Надзея Валадашчык – адна з нешматлікіх старажылаў нашага раёна, а ў вёсцы Сынкавічы ўвогуле адзіная. Камбінацыя лічбаў у пашпарце Надзеі Раманаўны ў графе «дата нараджэння» – 11/01/1924. 

Шчыра кажучы, пабываўшы ў гасцях у доўгажыхаркі, некалькі дзён знаходзілася пад асаблівым уражаннем. У 93-гадовым узросце жанчына да дробязяў памятае сваю біяграфію, усіх без выключэння родзічаў, без запінкі пералічвае прозвішчы былых вучняў, расказвае аб сучасных буднях аднавяскоўцаў… На долю Надзеі Раманаўны выпалі нялёгкія ваенныя і пасляваенныя гады,  якія не зламалі, а, наадварот, загартавалі яе характар і жыццяздольнасць. – Лёс мой звычайны, нічым не адметны, – дзеліцца ўспамінамі бабуля. –  Родам я з Чачэрска, што на Гомельшчыне. Вырасла ў мнагадзетнай сям’і. Як  было заведзена ў той час, разам з братамі з ранніх гадоў мы шмат працавалі, дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Хоць і складана было, аднак у нас у доме заўсёды панавалі лад і гармонія. Звычайны ўклад вясковага жыцця парушыла вайна. Надзеі Раманаўне прыйшлося пакінуць сваю малую радзіму. У пошуках прыстанішча яна накіравалася на Зэльвеншчыну, да свайго брата Сяргея, які тут ужо некалькі гадоў працаваў настаўнікам у Галынкаўскай школе. – У Казловічах я таксама стала вучыць дзяцей, – працягвае суразмоўца. Праўда, школу ў вёсцы немцы спалілі. Таму заняткі праходзілі ў звычайным доме. Падручнікаў не хапала – быў адзін на траіх вучняў. Настаўніцы за свае грошы  прыходзілася купляць сшыткі, самой рабіць чарніла. Надзея Раманаўна прыкладвала ўсе намаганні, каб навучыць вясковых дзяўчынак і хлопчыкаў грамаце. – Усе для мяне былі як родныя, – гаворыць жанчына. –  Так іх і называла – мае дзеткі. – Дбала, каб не былі яны галоднымі, прыходзілі ў школу акуратнымі, старалася абараніць, калі хто іх крыўдзіў. Бывала, прынясуць бацькі баваўняных нітак, навяжу шкарпэтак, рукавічак, шапак  і зраблю падарункі сваім выхаванцам. Кожнага імкнулася сагрэць пяшчотай сваёй душы. Маладую настаўніцу запры-кмеціў вясковы хлопец, які жыў па суседстве. –       Як убачыў аднаго разу праз акно, так і закахаўся, – ус-міхаючыся, прыгадвае жанчына. Адразу пасля жаніцьбы Фёдар забраў жонку да сябе. Нявестка хутка знайшла агульную мову са свякроўю, для якой стала яшчэ адной дачкою. – Мой асаблівы гонар – тры сыны, – адзначае Надзея Валадашчык. – Выраслі яны чулымі і спагадлівымі. Старэйшы ўзяў нада мной апеку – гады ўжо не тыя. Федзя ўсю работу выконвае – і ў хаце прыбярэ, і есці прыгатуе, і добрым словам адорыць. Яго клапатлівыя рукі ахоўваюць маё сталае жыццё. Багацце жанчыны – яе пяць унукаў, чатыры праўнукі і два прапраўнукі. – Лічу-лічу і часам нават блытаюся, – жартуе доўгажыхарка. Не забываюць нашчадкі пра сваю бабулечку – тэлефануюць, часта прыязджаюць у госці, каб справіцца аб здароўі, павучыцца мудрасці. Калі я пацікавілася ў сваёй суразмоўцы, у чым сакрэт яе даўгалецця, яна, не задумваючыся, адказала: – Старалася не рабіць людзям зла, а дарыць толькі дабро. Усе мы пад Богам ходзім. Доўга жыву на свеце, пэўна, яшчэ і таму, што шмат давялося працаваць фізічна. Рана засталася ўдавою, усе хатнія клопаты ляглі на мае плечы. Як дзеці падраслі, сталі мне надзейнымі памочнікамі. Запыталася ў Надзеі Валадашчык і наконт прыёму лекаў: – Каб не прагаварыцца, ніякіх таблетак не ўжываю. А навошта? Як прыйдзе тая часіна, то  прыйдзе – колькі каму наканавана, столькі і пражыве. Не паверыце, нават у бальніцы ніколі не лячылася. Праўда, у апошні час доктар заязджае, каб пацікавіцца, як сябе адчуваю, бо часам крывяны ціск падводзіць.  Надзея Раманаўна ў сваім шаноўным узросце не страчвае бадзёрасці. Абапіраючыся на кіёк, нават на вуліцу выходзіць ды дае сыну парады, як тую ці іншую гаспадарчую справу лепш зрабіць. Адным словам, аптымізму ў гэтай вясковай жанчыны хопіць на некалькі чалавек.   Наталля МАЦЮК
Вам может быть интересно
1 комментарий
  1. Пётр says

    Соседушка наша, прекрасная женщина.

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.